Афіцыйны Дзень Незалежнасці – дзень для дзяржаўных парадаў ды гулянняў


Не важна, што дазваляе Канстытуцыя Беларусі, важны толькі дазвол дзейных уладаў. Афіцыйны Дзень Незалежнасці – дзень выключна для дзяржаўных мерапрыемстваў: парадаў ды гулянняў.

Месца ж для выказвання думкі, адрознай ад афіцыйнай, у гэты дзень не знайшлося: затрымалі і тых, хто спрабаваў яе выказаць, і тых, пра каго ўлады падумалі, што яны паспрабуюць гэта зрабіць.

Блізу трох дзясяткаў чалавек, што прыйшлі напярэдадні на акцыю на бульвары Талбухіна, затрымалі, пасля складання пратаколаў большасць з іх адпусцілі. Некаторых жа актывістаў, якім нават не далі дайсці да месца акцыі, сёння судзілі. Мікола Статкевіч ноч перад судом правёў у ізалятары; як патлумачылі праваахоўнікі, гэта адсідка за тое, што недаседзеў увесну.

«Яны думаюць, што яны прыдумалі новы геніяльны спосаб нейтралізацыі сваіх палітычных праціўнікаў без вялікай страты для рэпутацыі. Вось далі яны некалі 10 содняў кожнаму з тэрмінова вызваленых 25 сакавіка. Цяпер будуць пры любой нагодзе арыштоўваць іх ціпа для працягу адбывання содняў», – кажа Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча.

У судзе Статкевіч не бараніўся, а нападаў: «Я ў гэтым спектаклі не ўдзельнічаю. Першае, што зраблю, калі выйду, – ускладу кветкі. Вядзіце мяне назад у турму!».

У турму яго адвезлі ды завочна на рашэнне суда пакаралі штрафам 980 рублёў за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі – акцыі, падчас якой Статкевіч хацеў ускласці кветкі да помніка тым, хто вызваляў сталіцу.За гэта ж судзілі сёння і іншых актывістаў, у іншых судах. Суд Менскага раёну пакараў Максіма Вінярскага 10 соднямі.

І хоць актывіста «Еўрапейскай Беларусі» затрымалі перад учорашняй акцыяй, судзілі яго за пікет у Курапатах, што быў у пазамінулую суботу. Пакаранне, якое забівае адразу трох зайцоў: па-першае, актывісту ўчора не далі паўдзельнічаць у акцыі, па-другое, дастаткова жорсткім прысудам палохаюць іншых абаронцаў Курапатаў ды, па-трэцяе, цяпер у Максіма Вінярскага на 10 дзён забіраюць магчымасць несці там варту годнасці.

«Ціск, ціск, каб спыніць усе магчымыя акцыі, якія тут адбываюцца», – заявіў актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі.

Каб спыніць акцыі, праваахоўнікі працягнулі затрыманні яшчэ і сёння – амаль дзясятак амапаўцаў паляваў на кінарэжысёра Аляксея Туровіча ля ягонага дому.

«Ніхто нічога не складаў, нічога, проста сярод белага дня мяне ўзялі проста так, скруцілі чалавека, не прадставіліся», – кажа кінарэжысёр Аляксей Туровіч.

Бліжэйшыя 10 дзён на рашэнне суда кінарэжысёр таксама правядзе за кратамі. Іншых абаронцаў Курапатаў – старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва аштрафавалі на 735 рублёў, кіраўніка руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка – на 1225 рублёў.

Вольга Старасціна, «Белсат»