Аб'ектыў 17.07.2018 Лукашэнка хоча ўседзець на двух «Паланэзах»


У Арменіі не супраць набыць у Беларусі рэактыўную сістэму залпавага агню «Паланэз», здольную здалёк за хвіліны знішчыць цэлы горад. Бо беларускія ўлады ўжо перадалі «Паланэзы» азербайджанцам, з якімі ў армянаў працягваецца вайна. Наколькі магчыма, што Менск будзе прадаваць узбраенне абодвум бакам?

Пра тое, што Беларусь прадала Азербайджану сістэмы залпавага агню «Паланэз», стала вядома сёлета ў красавіку, аднак дасюль на гэтую тэму выказваюцца ў Арменіі. Спачатку былі галасы абурэння, цяпер жа і сам Ерэван не выключае набыцця «Паланэзаў». Ці гэта можна назваць міжнародным поспехам айчыннага вайскова-прамысловага комплексу?

Пра магчымую цікаўнасць Арменіі да наймацнейшай беларускай ракетнай зброі заявіў старшыня Савету нацыянальнай бяспекі Арменіі Армэн Грыгар’ян. Аднак заява гэта была зробленая ў кантэксце незадаволенасці пастаўкамі «Паланэзаў» Азербайджану. Адмыслоўцы разглядаюць гэта як адказ азербайджанцаў на размяшчэнне ў Арменіі расейскіх аператыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр».

«Расея, як саюзніку па АДКБ, Арменіі ўзбраенне гэтае пастаўляе несумленна. Пастаўляе па нейкім сабекошце або як для ўнутраных паставак, як для расейскіх узброеных сілаў. А, магчыма, яшчэ дае нейкія прэферэнцыі зыходзячы з таго, што на тэрыторыі Арменіі перабываюць расейскія ўзброеныя сілы», – лічыць палкоўнік запасу Леанід Спаткай.

У такой сітуацыі цікава выглядае заява армянскага боку пра імкненне Арменіі перашкодзіць далейшаму продажу беларускіх узбраенняў Азербайджану – маўляў, гэта здрада саюзнікам па АДКБ. Аднак самая Арменія пакуль толькі ў тэорыі разглядае закуп зброі з Беларусі, атрымліваючы амаль 100 адсоткаў узбраенняў ад найбліжэйшага хаўрусніка – Расеі.

«Гэта вядомы канфлікт, гэта старая гісторыя. Але я хачу звярнуць увагу, што і Расея таксама захоўвае даволі нядрэнную вайскова-тэхнічную супрацу з тым жа Азербайджанам. І сяброўства Арменіі ў АДКБ гэтаму ніяк не перашкодзіць», – мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Не перашкаджае гэта і Беларусі. Асабліва з улікам добрых асабістых стасункаў паміж кіраўнікамі Беларусі ды Азербайджану. Гэтак, падчас нафтагазавага канфлікту 2010 года Аліеў пад асабістыя гарантыі Лукашэнкі пазычыў Менску 200 мільёнаў долараў. Цяпер жа вядуцца размовы пра павелічэнне імпарту ў Беларусь азербайджанскіх энерганосьбітаў у якасці альтэрнатывы расейскім.

«Нашае кіраўніцтва, асабліва ў апошні час, прытрымліваецца прынцыпу, які некалі абвесціў Чэрчыль «У Брытаніі няма саюзнікаў, у Брытаніі ёсць інтарэсы«. Няхай ты і саюзнік, але калі ў цябе няма грошай, то што я табе магу прадаць? А прадаць мы можам шмат чаго», – кажа Леанід Спакай.

Паводле старшыні Савету нацыянальнай бяспекі Арменіі, армяне бачаць праблемы з набыццём нерасейскай зброі. Нават і фармальных саюзнікаў з АДКБ. Як тады патрабаваць чагосьці ад іншых чальцоў арганізацыі?

«Самая арганізацыя АДБК трохі дзіўная, бо цяжка ўявіць існаванне нейкіх агульных геапалітычных інтарэсаў у такіх розных краінаў, як Беларусь, Арменія ці Кыргызстан. Таму для іх усіх сяброўства ў АДКБ – гэта прыкмета лаяльнасці Расеі. Расеі можа не спадабацца гэтая вайскова-тэхнічная супраца Беларусі ды Азербайджану – гэта больш важны чыннік», – лічыць Валер Карбалевіч.

На меркаванне экспертаў, армянскую жорсткую рыторыку на тэму супрацы Менску і Баку можна разглядаць як раз у якасці індыкатара настрояў Расеі – Крэмль не надта задаволены беларускаю актыўнасцю. Аднак пакуль не заўважна, што ўлады Беларусі збіраюцца рэагаваць на такія знакі.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары