Лукашэнка хоча разваліць СНД


«У горадзе Сочы цёмныя ночы…». Самалёт Аляксандра Лукашэнкі прызямліўся напярэдадні ўвечары. І з пачатку да канца сочынскія сустрэчы былі цёмныя ў канкрэтыцы. На парадку 17 пытанняў: топавыя – сямейныя каштоўнасці ды касмічная прастора.

Узнікла пытанне пра значэнне ўтварэнняў СНД і ЕАЭС

«СНД цяпер – гэта ў прынцыпе сімвалічна-фармальнае аб’яднанне», – даводзіць палітолаг Андрэй Ягораў.

Абʼяднанне, неабходнае, перш за ўсё, Расеі. Аляксандр Лукашэнка чарговы раз сёння крытыкаваў неэфектыўнасць Міжпарламенцкай асамблеі СНД. І заклікаў да рэформаў або закрыцця органа. Гэта, мабыць, быў самы рэзкі момант саміту. А пачынаўся ён прыемна для Уладзіміра Пуціна. Гэтак, прэзідэнт Туркменістану Гурбангулы Бердымухамедаў перад пачаткам двухбаковай сустрэчы павіншаваў прэзідэнта Расеі з мінулым днём народзінаў ды падарыў шчанюка.

З Аляксандрам Лукашэнкам двухбаковай сустрэчы не было

Асаблівую ўвагу прыцягваюць сочынскія сустрэчы беларускага боку з прадстаўнікамі Азербайджану. Ім папярэднічаў візіт парламенцкай дэлегацыі ў Менск. А ў Сочы спачатку перамовы зноў жа на парламенцкім узроўні. А пазней – і сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з міністрам абароны Закірам Гасанавым.

Дамова аб ваеннай супрацы паміж краінамі дзее з 2008 года. Афіцыйна Азербайджан закупіў у Беларусі ваеннай тэхнікі на $ 167 млн. Таксама краіны звязваюць палітычныя і гандлёвыя дамовы. Падчас леташняга візіту ў Баку Аляксандр Лукашэнка казаў пра планы нарасціць тавараабарот паміж краінамі сёлета да $ 700 млн.

«Гэта, з аднаго боку, аўтарытарная салідарнасць, з другога боку – гэта надзеі на эканамічную супрацу з Азербайджанам, які зʼяўляецца дастаткова нябеднай краінай, і Беларусь разлічвае на атрыманне пэўных эканамічных прэферэнцыяў ад супрацы з Азербайджанам», – упэўнены спадар Ягораў.

У 2010-м годзе Ільхам Аліеў пазычыў грошы Лукашэнку

Гэткім учынкам прэзідэнт Азербайджану дапамог кіраўніку Беларусі аплаціць доўг перад «Газпромам». А таксама азербайджанскі прэзідэнт лабуе інтарэсы афіцыйнага Менску на Захадзе. І не выключана, што гэта адзін з фактараў, чаму Лукашэнку запрасілі на саміт «Усходняга партнёрства» ў Брусель у лістападзе. Але гэта яшчэ не падстава для непакою ў Крамлі. Хоць летась назіралася зніжэнне тавараабароту з Расеяй на 5,2 %, агульная сума перавысіла $ 26,1 млрд.

«Доўг, які павінныя былі аддаць сёлета, перанеслі, каб аддаць налета. Такіх умоваў нам ніякая іншая краіна не дасць, бо адразу будзе тэхнічны дэфолт. Ну і ў Расеі, вядома, нашая залежнасць ад энергарэсурсаў. Спрабавалі нафту вазіць і з Азербайджану, і з Венесуэлы, але ўсё гэта даражэй», – зазначыў эканаміст Леанід Злотнікаў.

Па прамых леташніх інвестыцыях з СНД, Беларусь апярэдзіла ўсе гэтыя краіны

Але $ 8,52 млрд. з $ 8,64 прыйшлі менавіта з Расеі. А гэта залежнасць беларускай эканомікі ў лічбах, а не проста дэкларацыя і дэманстрацыя незалежнасці на словах у Сочы.

Сяргей Падсасонны, «Белсат», фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum