Аб'ектыў 24.10.2017 Лукашэнка хоча прадаць заводы, а яны нікому непатрэбныя


Завод «Штадлер» у горадзе Фаніпаль пад Менскам. У Беларусі гэтая швейцарская кампанія вырабляе электрацягнікі з 2014 года. Кіраўніцтва ўпэўненае ў правільнасці такога рашэння.

Але з агаворкамі

З прычыны грувасткай бюракратычнай сістэмы ў краіне «Штадлер» вымушаны павышаць цэны і беларускі філіял менш канкурэнтаздольны, чым заводы ў Чэхіі, Польшчы і Вугоршчыне.

«Усе механізмы цэнаўтварэння, усе трансакцыі сапраўды заснаваныя на тых жа старых мадэлях, што і 30 гадоў таму. І гэта, паверце, прыводзіць да вялікае колькасці канфліктаў», – даводзіць дырэктар прадпрыемства Філіп Брунэр.

На машыне часу ў савецкую эканамічную сістэму?

Вырашаюцца далёка не ўсе замежныя інвестары. І крызіс апошніх гадоў толькі пагоршыў сітуацыю. У пазамінулым годзе замежныя інвестыцыі ў рэальны сектар беларускай эканомікі скараціліся на чвэрць, да $ 11 млрд, у 2016 годзе яшчэ на столькі ж – да $ 8,5 млрд. Складанасць адміністрацыйных працэдураў, празмернае рэгуляванне бізнесу, недахоп сучаснай інфраструктуры – вось толькі некаторыя з прычынаў.

«За памылкі ў накладных ты можаш страціць тавар, які быў у гэтай накладной», – прыводзіць прыклад Андрэй Серыкаў, дырэктар швейнага брэнду «Mark Formelle.

Высокія рызыкі крымінальнай адказнасці

Адная з ключавых праблемаў беларускага бізнесу. Гучныя нядаўнія арышты бізнесоўцаў Віктара Пракапені, Аляксандра Кныровіча, Уладзіміра Япрынцава і нават максімальна набліжанага да Лукашэнкі Юрыя Чыжа – такі ж важны сігнал для бізнесоўцаў у краіне і за мяжою, як і спробы лібералізацыі сферы.

Над тым, як аслабіць ціскі на бізнес і тым самым аздаравіць эканоміку, улады задумваюцца. Сярод планаў гэтак званай «лібералізацыі»: забарона на ўвядзенне новых падаткаў да 2020-га года, скарачэнне бясконцых правяранняў бяспекі, мінімізацыя ўмяшання дзяржавы ў дзейнасць суб’ектаў, за правапарушэнні замена канфіскацыі тавару штрафамі і зніжэнне саміх штрафаў.

Гэтыя крокі пакуль толькі ў планах, але ўжо сёння нават камандную эканоміку чыноўнікі спрабуюць прэзентаваць як плюс, бо «Магчымасць камандна-рэгулятарных дзеянняў інвестарамі ўспрымаецца як стабільнасць і магчымасць захавання капіталу», – упэўнены намеснік міністра эканомікі Зміцер Матусевіч.

Стабільнасць трансфармуецца ў стагнацыю

Выпускаць эканоміку і рэальны сектар са сваіх рук улады не спяшаюцца. Доля прыватнага сектару ў ВУП краіны ледзь дацягвае да траціны. Да таго ж ні ў 2015-м, ні ў 2016-м годзе ніводнае беларускае прадпрыемства не было прыватызаванае замежным інвестарам. Паабяцалі больш акцыяў прадаць сёлета. Але, як выявілася, знайсці пакупніка для стратных заводаў са зношаным абсталяваннем з часам становіцца ўсё цяжэй.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Viktor Drachev / ITAR-TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары