Аб'ектыў 13.02.2018 Лукашэнка хоча, каб Расея аплаціла мадэрнізацыю беларускага войска. Ці дасць Пуцін грошы?


За стабільнасць і бяспеку ў сённяшнім неспакойным свеце трэба плаціць. Лукашэнка чарговы раз завёў гаворку пра неабходнасць мадэрнізацыі і пераўзбраення беларускага войска. Вось толькі калі гаворка з галоўным хаўруснікам, а па сумяшчальніцтве і з галоўным спонсарам заходзіць пра грошы, то дамаўляцца чамусьці адразу робіцца практычна немагчыма. Хто павінен плаціць за бяспеку на постсавецкай прасторы?

Ворагаў вызначылі супольна, аднак узбройваецца кожны сам па сабе! У часе паседжання Рады бяспекі Беларусі Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся на адсутнасць адзінства ў шэрагах краін-удзельніц АДКБ. Найперш гаворка пра кіраўніцтва Расеі, у якога, паводле Лукашэнкі, няма сур’ёзнага разумення патрэбы ўмацоўваць нацыянальныя ўзброеныя сілы.

«Я не ў тым плане, што мы хочам ці ў чарговы раз, як у іх прынята гаварыць, патрабуем нейкіх грошай на нейкія мерапрыемствы. Аднак трэба разумець, што Беларусь, мы адказваем найперш за Беларусь, з’яўляецца асноўным фарпостам, у тым ліку і Расейскай Федэрацыі, на заходнім кірунку», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Іншымі словамі, мы тут натаўскія танкі, якія на Маскву папруць, голымі рукамі спыняць будзем, а таму давайце неяк дамаўляцца, каб рукі нашыя не голыя былі.

Жыхары Менску кажуць:

«Калі мы незалежная дзяржава, то, напэўна, мы самыя павінны».

«Калі яны будуць нас узбройваць, то мы будзем абавязаныя ім. Можна сказаць, войска будзе як іхняе. А мне хочацца, каб у нас было сваё моцнае і незалежнае войска».

«Гэта ж межы заходнія, таму абавязкова яна павінна дапамагаць прынамсі».

«Ну калі саюзнікі, то павінны дапамагаць».

«Мне Расею вельмі шкада. Яны так пакутуюць з-за свайго ўзбраення! Лепш нам не ўзбройвацца і жыць у міры з усімі суседнімі краінамі. Наш Аляксандр Рыгоравіч, дай Бог яму здароўя, ані з кім не ваюе – і дзякуй Богу! І не трэба нам расейскіх гарматаў!»

Перамовы пра мадэрнізацыю і больш актыўнае прыстасоўванне беларускага войска да магчымых баявых дзеянняў Лукашэнка прапаноўвае распачаць, далёка не адкладаючы – пасля прэзідэнцкіх выбараў у Расеі.

«Беларускі бок замовіў новыя самалёты ў Расеі, але плаціць няма чым. Грошай няма, плаціць няма чым – адсюль гэтыя размовы, што Расея нешта там мае падарыць задарма», – кажа расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.

«На заходнім кірунку ад Расеі ёсць імаверны праціўнік – гэта блок НАТА. Канфлікт паміж Расеяй і блокам НАТА можа быль толькі ракетна-ядравы. І як тут можа дапамагчы Беларусь? Чым яна – бульбай будзе збіваць тыя самалёты і ракеты?» – пытае Суздальцаў.

Зрэшты, акрамя раздражнення несупынным клянчаннем грошай і адсутнасцю даверу да Лукашэнкі, заўважае палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі, Масква наўрад ці прыслухаецца да сённяшніх развагаў кіраўніка Беларусі і праз уласны стратэгічны разлік.

«Аналітыкі мяркуюць, што ў Масквы такая стратэгія: маўляў, хай развальваецца беларускае войска – груба кажучы, хутка гэтыя старыя самалёты лётаць перастануць, танкі перастануць ездзіць. І тады мы скажам: паколькі абараняцца трэба ад гэтага падступнага монстра НАТА, давайце мы паставім тут расейскія базы!», – адзначае Аляксандр Класкоўскі.

А таму, якні круці, а ўласнае войска ўсё-ткі лепш карміць самому – каб не давялося карміць чужое.

Валеры Руселік, «Белсат»

Фота – REUTERS/Vasily Fedosenko

Глядзі таксама
Каментары