Лукашэнка хоча, каб беларусы плацілі за бесперспектыўныя прадпрыемствы


Уборачная кампанія ў разгары, але, паводле Аляксандра Лукашэнкі, можа адбывацца яшчэ хутчэй. Падчас візіту на палях Берасцейшчыны кіраўнік краіны заахвочваў «дадаць хуткасці».

Павялічыць хуткасць і эфектыўнасць здолеюць не ўсе

Зрэшты, сітуацыя ўва ўсім аграпрамысловым комплексе збольшага выглядае крызіснай. Сведчыць пра гэта той факт, што дзяржава чарговы раз прафінансуе стратныя прадпрыемствы АПК. Адпаведны ўказ падпісаў кіраўнік краіны.

У практыцы гэта азначае, што дзяржава бярэ на сябе фінансавыя абавязкі, між іншымі, аграхолдынгаў, камбікормавых заводаў і хлебакамбінатаў, якія не здолелі разлічыцца за крэдыты.

З дзяржаўнага бюджэту ў першую чаргу будзе пагашацца сума асноўнай запазычанасці, пасля адсоткі ды пені.

Ці гэткім чынам можна аздаравіць аграпрамысловы комплекс?

«Гэтыя вылучаныя грошы яны здольныя толькі неяк падтрымаць сістэму ў больш менш функцыянальным стане. Не больш таго. Гэтая сістэма сама па сабе стратная», – мяркуе Іна Гармель з парталу «agrolive.by».

Колькасць стратных прадпрыемства АПК цягам апошніх гадоў значна павялічвалася. Што праўда, сёлета Міністэрства сельскай гаспадаркі адрапартавала аб паляпшэнні сітуацыі ў аграпрамысловым комплексе. Маўляў, чысты прыбытак павялічваецца, а ўдзельная вага стратных сельгаспрадпрыемстваў АПК памяншаецца і складае толькі 22 %. Аднак даведацца пра сапраўднае становішча беларускіх прадпрыемстваў сёння нерэальна. Публікаваць справаздачы абавязаныя толькі Адкрытыя акцыянерныя таварыствы.

Сістэма дзее наадварот, чымся ў краінах, на якія варта раўняцца

«Калі ў нас датацыі даюць гаспадаркам, то ў Еўропе, дапрыкладу ў Польшчы, грошы даюць на прадукцыю. Гэта азначае, што чым больш прадукцыі ты вырабіў, тым больш ты атрымліваеш падтрымку. А ў нас атрымліваецца наадварот», – патлумачыў эканаміст Леў Марголін.

То бок бесперспектыўным прадпрыемствам. А іх колькасць павялічваецца. Паводле афіцыйнай статыстыкі, лічба ўсіх стратных прадпрыемстваў вырасла больш як на 10 % і склала звыш паўтары тысячы. Незалежныя даследаванні сведчаць, што іх колькасць можа быць значна большая.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Anna Isakova / TASS / Forum