Лукашэнка эканоміць на пенсіянерах. Пенсію трэба заслужыць


Даўжэйшы век падаравалі ўлады беларусам на Новы год. Прынамсі – працоўны. Сёлета пенсійны ўзрост павялічваецца на паўгода.

У 2017-м на пенсію выйдуць мужчыны, якім споўнілася 60 з паловаю гадоў, і жанчыны ва ўзросце 55 з паловаю.

«З улікам эканамічнай сітуацыі ў краіне лепш атрымліваць: пенсію і працаваць. І цяпер нехта мае на гэта права, а хтосьці, аказваецца, што не», – кажа жыхарка Менску.

«Я таксама пенсіянерка, падпрацоўваю. Бо на пенсію маю – два чатырыста, камулакі, лекі – гэта немагчыма жыць», – скардзіцца жанчына.

Улады тлумачаць неабходнасць гэтага кроку дэмаграфічнымі тэндэнцыямі: маўляў людзей працаздольнага веку робіцца ўсё менш і, адпаведна, менш адлічэнняў у пенсійны фонд. Адмыслоўцы, аднак, заўважаюць, што ў 2014 годзе, калі ўлады пачалі абмяркоўваць павелічэнне пенсійнага веку, Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва быў яшчэ ў прафіцыце. То бок – грошай у яго паступала больш, чым трэба было выдаткаваць. У дэфіцыт ён рэзка выйшаў у 2015-ым, і апрача дэмаграфіі, асноўная прычына – беспрацоўе.

«Тут ёсць некалькі прычын. Дэмаграфічная, вядома, адна з важнейшых. Але таксама сказваюцца і іншыя абставіны. Па-першае, упалі тэмпы росту заробкаў. І з легальнага сектару эканомікі выйшла пэўная колькасць насельніцтва», – тлумачыць шэф-рэдактар «Экономическая газета» Леанід Фрыдкін.

Значна мацней, чым павелічэнне пенсійнага веку, па людзях, аднак, бʼе рост гэтак званага мінімальнага страхавога стажу. Да 2014 года адпрацаваць да пенсіі трэба было прынамсі пяць гадоў, потым – 10, праз год – 15, а летась стаж пачаў штолета прырастаць на паўгода. У некаторых краінах Захаду гэты тэрмін яшчэ большы. Але ў Беларусі, у адрозненне ад суседзяў, у яго ня ўлічваецца служба ў войску, догляд за інвалідамі ды шэраг іншых грамадска карысных функцыяў. Чалавек, які пры дасягненні пенсійнага ўзросту не напрацаваў неабходнага страхавога стажу, можа разлічваць толькі на сацыяльную пенсію – істотна меншую за працоўную.

«Я думаю, што гэта ніяк не апраўдана. Калі можна паспрачацца наконт навучання ў ВНУ, то, калі мы лічым службу ў войску святым абавязкам грамадзян, значыць трэба ставіцца да гэтага таксама дастаткова свята», – разважае Леанід Фрыдкін.

Паводле існага заканадаўства, штогадовы прырост пенсійнага ўзросту на паўгода мае спыніцца па дасягненні 63-х гадоў для мужчынаў і 58-мі – для жанчын. Страхавы стаж перастане расці на 20-гадовым узроўні. Улады, аднак, не выключаюць, што гэтыя межы яшчэ давядзецца перагледзець.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»