Лукашэнка: эканоміка расце. Беларусы: ён прыкалваецца?


У гараскопе Лукашэнкі 2018 год будзе годам «даганялак». Эканоміка Беларусі мусіць пераадолець адставанне 2016-га і выйсці нарэшце на траекторыю пяцілеткі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў, даючы ўстаноўкі кіраўнікам ураду, Нацбанку, аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму.

«Сёлета намеціўся пэўны рост эканомікі, ёсць пазітыўныя зрухі ў яе асноўных галінах… Мы нарасцілі золатавалютныя рэзервы, аднаўляем аб’ёмы экспарту. Тым не менш падставаў для самазаспакаення быць не можа. Эканоміка за 2015-16 год страціла 6 %. Сёлета адыгралі толькі 2 %, што яўна недастаткова», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Наколькі гэты «некаторы рост» эканомікі адчулі на сабе грамадзяне?

Мы запыталі гарадзенцаў.

«Гэта хто прыкалваецца наконт эканамічнага росту? Прэзідэнт? Значыць, у прэзідэнта эканамічны рост».

«Поўны гамон, не жыццё, а выжыванне. Вось што я адчула».

«Можа, для чыноўнікаў ці сілавікоў ёсць эканамічны рост. І матэрыяльнае становішча ў іх добрае. Народ бядуе, бядуе».

«На харчы і самае асноўнае. Набыць вопратку дзецям і ўсё. Адкладваць не атрымліваецца».

«Хапае на камунальныя і ежу. Апранаюся ў тое, што раней купляла».

-распавялі апытаныя «Белсатам».

Лічыць трэба іначай

Заяўлены рост эканомікі на 2 % валавога ўнутранага прадукту ёсць у справаздачах Нацбанку і міністэрстваў, а не ў росце прыбыткаў насельніцтва, бо лічыць трэба іначай.

«Нават у падручніках макраэканомікі напісана, што ВУП лічыцца толькі для рынкавай эканомікі. У Беларусі не рынкавая эканоміка», – ставіць кропкі над «і» эканаміст Леанід Злотнікаў.

Каб жыць у дабрабыце, Беларусь мусіць змяніць увесь падыход да гаспадаркі. Калі дзяржава будзе толькі сачыць за законнасцю і абараняць агульны рынак, а не кіраваць ім уручную, вырастуць прыбыткі і прадпрыемстваў, і працаўнікоў. Аднак гэта супярэчыць сённяшняй ідэалогіі ўладаў.

Абяцаныя $ 500 так і засталіся недасягальнымі

Рэальныя наяўныя прыбыткі на душу беларуса за мінулы год дайшлі толькі да сярэдзіны абяцанага. У кастрычніку міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі тлумачыў, што даць абяцаны тысячны заробак да канца гэтага года атрымаецца, але не для ўсіх. А нават калі і выйдзе, то гэтую тысячу хутка з’есць інфляцыя.

«Урад у першым паўгоддзі стрымліваў рост спажывецкіх коштаў. За гэты час кошты на паслугі будаўнікоў, на тавары прамысловай вытворчасці: станкі, машыны і гэтак далей, на паслугі сувязі і перавозчыкаў выраслі на 12-13 %, а кошты спажывецкія выраслі на 3 %. Значыць, іх стрымалі штучна», – падсумаваў спадар Злотнікаў.

Аднак прэмʼер-міністр Андрэй Кабякоў лічыць, што прыбыткі бюджэту сёлета перавысяць выдаткі аж на цэлы мільярд… рублёў. А з 1-га снежня ўрад падвысіць тарыфныя стаўкі некаторым катэгорыям бюджэтнікаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»