Аб'ектыў 28.07.2017 Лукашэнка дазволіў карміць беларусаў з радыеактыўнай зямлі


Зямля, чыстая ад радыяцыі, сілаю ўказу. Аляксандр Лукашэнка скасаваў ахоўную зону Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

«За 20 гадоў вельмі шмат чаго змянілася. Тут людзі жывуць гэтак, як па ўсёй краіне», – патлумачыў кіраўнік Беларусі.

Словы прагучалі літаральна месяц таму

Падчас візіту кіраўніка краіны ў запаведнік у эксперыментальна-гаспадарчай зоне Лукашэнка каштаваў мёд, вывучаў жывёлагадоўлю, быў у навуковай лабараторыі. Вынік візіту – указ прэзідэнта № 259, які дазволіць весці сельскагаспадарчую дзейнасць блізу мяжы заказніка.

«Ён лічыць, што радыяцыя ўжо не дзейнічае на людзей, хаця сам радыяцыі баіцца, і калі прыязджае ў запаведнік, то пасля мяняе свае машыны. Гэта паспешлівае рашэнне, якое можа прывесці да сурʼёзных анкалагічных захворванняў», – з трывогаю кажа Дзмітрый Кучк з партыі «Зялёныя».

«Там увогуле нельга заставацца людзям»

Ахоўная зона Палескага радыяцыйнага запаведніка – гэта адзін кіламетр тэрыторыяў ад яго мяжы. Яна ахоплівае землі Хойніцкага, Нараўлянскага, Брагінскага, Калінкавіцкага, Мазырскага раёнаў. Да прыняцця ўказу тут было забаронена паляваць і вырошчваць сельгаскультуры.

«Ці можна землі ахоўнай зоны назваць чыстымі? Мясцовыя ўлады раней заяўлялі, што некаторыя ўчасткі ахоўнай зоны маюць узровень радыяцыі, вышэйшы за 40 кюры на квадратны кіламетр, – там увогуле нельга заставацца людзям. Тым часам у кіраўніцтве запаведніка не выключаюць, што праз паўстагоддзя ў абарачэнне могуць вярнуць і частку зямель з эксперыментальна-гаспадарчай тэрыторыі заказніка», – даводзіць радыебіёлаг Віктар Хоміч.

Навукоўцы заклікаюць да асцярожнасці

Паўраспад элементаў (то бок 30 гадоў для стронцыю і цэзію) не азначае, што зямля чыстая. Неабходныя яшчэ хаця б з дзясятак перыядаў паўраспаду. Але чакаць тры стагоддзі, каб зарабляць на сельскагаспадарчых палетках, камусьці вельмі не хочацца.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Wikipedia

Глядзі таксама
Каментары