Аб'ектыў 04.10.2018 Лукашэнка будуе царкву, каб закрыць рот сведкам яго багацця


У аграгарадку Шаршуны, ля сядзібы «Краснасельскае» пад Менскам пачалося будаўніцтва храма на грошы кіраўніка савету дырэктараў «Слаўкалія» Міхаіла Гуцэрыева. Самую рэзідэнцыю ў СМІ называюць ужо не іначай, як «дачай» расейскага мільярдэра, хоць большасць фактаў надалей сведчыць пра тое, што будавалася рэзідэнцыя для кагосьці іншага.

Пра абавязак паставіць царкву для вернікаў побач з выкрытаю «Белсатам» паўтара года таму рэзідэнцыяй Краснасельскае Міхаіл Гуцэрыеў казаў яшчэ ў сакавіку. Днямі ў паселішча Шаршуны прыехаў мітрапаліт Павел, каб асвяціць месца будаўніцтва. Гуцэрыеў наўрад ці завітае ў гэтую царкву, бо вызнае іслам, а вось мясцовыя жыхары падарунку ўсцешаныя:

«Цешуся. Думала, не дажыву, тут анічога не было, я малілася крыжу на вуліцы».

«Рады, мы ездзілі раней у царкву ў Радашковічы ці ў Менск, а зараз тут будуецца».

Міхаіл Гуцэрыеў не хавае, што размовы аб рэзідэнцыі вёў асабіста з Лукашэнка. Будаўніцтва ж царквы расейскі мільярдэр называе абавязкам. Пытанне, каму і за што? Анатоль Лябедзька, палітык:

«Гуцэрыеў – гэта той чалавек, за якім цягнецца шлейф скандалаў, чалавек, прыбліжаны да Лукашэнкі. Чалавек, які ў свой час прапанаваў Лукашэнку самы вялікі хабар, але пасля гэтага ён не сеў у турму, не была ўзбуджаная крымінальная справа, а наадварот, ягоны бізнес квітнее. Гэта звязана з тым, што ён трапіў у кагорту недатыкальных».

Міхаіл Гуцэрыеў мае ў Беларусі шмат бізнес-інтарэсаў, галоўныя з якіх датычаць калійных угнаенняў і сферы ІТ. Лукашэнка прызнаваўся, што алігарх дапамагаў развязаць канфлікт з «Уралкаліем». Што іх звязвае ў Краснасельскім? Ёсць дакументы, у якіх пазначана, што на «дачы» працуе служба аховы прэзідэнта, ёсць рашэнне Міністэрства абароны: закрыць паветраную зону над Краснасельскім. Такія ж беспалётныя зоны існуюць над усімі рэзідэнцыямі Лукашэнкі. Ёсць лыжна-ролерная віп-траса. Але Гуцэрыеў клянецца, што «дачу» будаваў асабіста для сябе. Беларусаў з іншых гарадоў падмануць лёгка, а вось мясцовых – не вельмі.

Жыхары Шаршунаў распавядаюць:

«Пабудаваў расеец, а хто жыве, я дагэтуль не ведаю, Лукашэнка туды часта наведваецца».

«Тое, што Лукашэнка там часта бывае, я вам стоадсоткава кажу».

«Калі ён сюды прыязджае, тут на кожным рагу міліцыя стаіць, нікога з хаты не выпускаюць».

«Лукашэнка да нас прыязджае, у яго ж тут рэзідэнцыя».

Анатоль Лябедзька, палітык:

«Аляксандру Лукашэнку тэма 12 ягоных рэзідэнцыяў не прыносяць ніякага прыбытку, ніякіх дывідэндаў. Таму нейкая чарговая рэзідэнцыя ў звязку з імем Лукашэнкі, канечне, гэта скандал. Пры тым рэйтынгу, які сёння мае кіраўнік Беларусі, яны не зацікаўленыя, каб гэтая тэма разрасталася ў СМІ і каб пра гэта гаварылі звычайныя людзі».

Іншая справа – будаўніцтва царквы. Ну хто ж будзе наракаць, калі расейскі бізнесовец за ўласныя грошы будуе жыхарам невялічкага паселішча царкву?

Ігар Кулей, belsat.eu

Фота: «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары