Лукашэнка атрымаў подпісы праціўнікаў падатку на дармаедства


Агульнанацыянальны дзень дапамогі гэтак званым «дармаедам». Прынамсі так можна акрэсліць сённяшні дзень, бо калегія адвакатаў прыняла рашэнне бясплатна пракансультаваць беларусаў на тэму сумнавядомага дэкрэту нумар 3. Плаціць ці не плаціць? Пакуль адныя думаюць над адказам, іншыя збіраюць дакументы ў суд.

Адвакаты з народам!

Грамадзяне, што не могуць заплаціць падатак з-за цяжкай жыццёвай сітуацыі, сёння змаглі атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю практычна ў кожным горадзе. Такая дабрачынная акцыя беларускіх адвакатаў аказалася вельмі запатрабаванай.

«У прынцыпе, усе пытанні былі звязаныя з дапамогай у напісанні і складанні заявы з указаннем, куды трэба звяртацца, якія абставіны ўказваюць, якія дакументы прыкладваць», – распавядае Ларыса Трыфанава, адвакатка юркансультацыі Ленінскага раёну г. Менску.

Шмат і тых, хто прынцыпова супраць дэкрэту №3

Гомельскі відэаблогер Максім Філіповіч пайшоў у суд са скаргай на падатковую інспекцыю. Два гады таму яго звольнілі з прадпрыемства «Сейсматэхніка». Цяпер дзяржава пад пагрозай штрафаў і арыштаў практычна прымушае Максіма заплаціць за адсутнасць вакансіяў у горадзе.

«Я па гэтым дэкрэце, нават калі б я цалкам не працаваў у 2015-м годзе, плаціць усё роўна не збіраюся і не буду. Я не раб, і плаціць за паветра я не збіраюся», – стаіць на сваім відэаблогер.

«Я раю ўсім ісці ў суд бараніць свае правы, ставіць перад судом пытанне, што «дэкрэт аб дармаедах» супярэчыць Канстытуцыі, ставіць пытанне, што ў краіне фактычна ўводзіцца прымусовая праца», – кажа праваабаронца Ленаід Судаленка.

У сваім відэаблогу, прысвечаным дэкрэту №3, Максім Філіповіч асвятляе і акцыі пратэсту. Відэа набірае дзясяткі тысячаў праглядаў.

«Трэба рабіць усё, ад малога да вялікага. І ў суды падаваць, і выказваць сваё меркаванне на вуліцы – нічога ў гэтым страшнага няма», – упэўнены спадар Філіповіч.

Улады нервова рэагуюць на грамадзянскую актыўнасць праціўнікаў дэкрэту

Сёння міліцыянты працягнулі выклікаць у раённыя аддзелы ўдзельнікаў несанкцыянаванага «Маршу абураных беларусаў» 17-га лютага. Камусьці ж тэлефануе не міліцыя, а чыноўнікі з выканкамаў, запрашаюць на прыём, чыста пагаварыць. А гомельскаму актывісту Віталію Юрчанку, які сабраў 61-ну тысячу подпісаў пад петыцыяй за адмену дэкрэту, сёння патэлефанаваў куратар вобласці па зваротах грамадзянаў да прэзідэнта.

«Ён мне сказаў, што »я званю паінфармаваць вас, што ліст прэзідэнтам атрыманы«, – распавёў Віталь Юрчанка.

Подпісы не дапамогуць?

Паводле Лукашэнкі, пратэсты супраць падатку на беспрацоўе – гэта спроба вонкавых дэструктыўных сілаў разгайдаць беларускую стабільнасць.

«Дармаеды« павінны ведаць, што іх проста спрабуюць сёння выкарыстоўваць у самых карыслівых мэтах, каб разбурыць тое, што ёсць», – даводзіць кіраўнік Беларусі.

Масавыя дэманстрацыі за адмену дэкрэту працягнуцца ўжо ў гэтыя выходныя – 5-га сакавіка ў Берасці. Потым арганізацыйны камітэт кампаніі «Мы – недармаеды» рыхтуе акцыі ў Маладзечна, Пінску, Бабруйску, Воршы, Рагачове, у абласных цэнтрах Беларусі ды ў сталіцы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: censor.net.ua