Лукашэнка агучыў прапановы, за якімі скрываюцца прэтэнзіі да сябраў Еўразійскага саюзу


Малдова атрымала статус краіны-назіральніка ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Гэтая навіна падаецца як галоўнае дасягненне паседжання эканамічнага савету ЕАЭС у Бішкеку. Аднак беларускія дзяржаўныя медыі асвятлялі сёння пазіцыю Аляксандра Лукашэнку, які прывёз на сустрэчу свае прапановы, за якімі скрываюцца прэтэнзіі да сябраў Еўразійскага саюзу.

Пералому ў пытаннях інтэграцыі ЕАЭС – менавіта гэтага найперш чакае Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік Беларусі, які прыбыў на паседжанне Найвышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету ў Бішкек, адкрыта казаў пра ўнутраныя супярэчнасці ў саюзе, якія, са словаў Лукашэнкі, даўно нарастаюць як снежны ком.

«Нам трэба ўвесці мараторый на прыняцце новых прававых актаў, якія маюць дыскрымінацыйны характар у дачыненні партнёраў па саюзе. Сачыць за яго рэалізацыяй мусіць Еўразійская эканамічная камісія», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што яшчэ набалела кіраўніку Беларусі, і якога новага кроку ён чакае ад партнёраў?

«Заслухаць на нашым чарговым паседжанні даклад камісіі па працах для ліквідацыі перашкодаў і абмежаванняў на ўнутраным рынку. Еўразійскаму міжурадаваму савету і камісіі неабходна аддаваць больш увагі гэтаму пытанню. Гэта істота нашай арганізацыі. Ад гэтага нікуды не ўцячэш», – сказаў Лукашэнка.

Аднак ці магчымая сёння роўнасць, якой чакае Аляксандр Лукашэнка?

«Беларусь сама вельмі моцна змагаецца з імпартам ды стварае барʼеры для прадукцыі з іншых краінаў Еўразійскага саюзу. Калі Лукашэнка патрабуе ад астатніх краінаў гэтага саюзу скасавання абмежаванняў, безумоўна трэба пачынаць з лібералізацыі ў Беларусі. Але гэта працэс вельмі цяжкі», – кажа палітолаг Максім Сцефановіч.

Яшчэ да нядаўна дачыненні паміж некаторымі партнёрамі ў Еўразійскім эканамічным саюзе праходзілі праз сурʼёзныя выпрабаванні. Нафтагазавыя і харчовыя войны паміж Беларуссю і Расеяй апошнім часам прымалі ўсё новыя формы. Толькі ўчора ўрад Расеі ўхваліў пакет дакументаў пра абʼёмы паставак нафты і кошт газу для Беларусі. Са словаў прэмʼер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева, нарэшце Масква і Менск прыйшлі да пагадненняў, выгадных абодвум бакам.

«Але канфлікт прымаруджаны, а не вырашаны канчаткова, таму Менск ізноў дэманструе сваю незадаволенасць рухам інтэграцыі. Гэтыя заявы Лукашэнкі яны вельмі паказальныя, бо Беларусь займае найбольш жорсткую пазіцыю ў гэтых пытаннях. Іншыя лідары не казалі пра такія праблемы», – кажа палітолаг Максім Сцефановіч.

Праблемы ў пытаннях інтэграцыі можа мець бліжэйшым часам і Казахстан. Днямі прэзідэнт краіны Нурсултан Назарбаеў даручыў ураду пачаць падрыхтоўку да пераводу казахскай мовы на лацінскую графіку. Ці можна чакаць нейкіх палітычных наступстваў? Пакуль гаворка ідзе пра імаверныя эканамічныя, якія могуць узнікнуць у межах ЕАЭС.

«Адпаведна дакументазварот у Еўразійскім саюзе мусіць узяць пад увагу гэтыя новаўвядзенні. Таксама будуць перакладаць новыя і старыя дакументу на лацінскую графіку, што зойме не адзін год. Тое самае з кодавымі назвамі тавараў. Галоўная праблема ў тым, што на сённяшні дзень няма ніводнага адмыслоўца, які мог бы займацца перакладам казахскай мовы на лацінскую графіку», – кажа журналіст Ігар Віняўскі.

Еўразійскі эканамічны саюз – гэта структура, у якую ўваходзяць Беларусь, Расея, Казахстан, Арменія і Кыргызстан. Праект прадугледжвае свабоду перасоўвання тавараў, паслугаў, капіталу і працоўнай сілы, а таксама скаардынаваную або адзіную палітыку ў галіне эканомікі. Аднак, як заяўляў раней Аляксандр Лукашэнка, праз няроўныя цэны і ўмовы ўнутры саюзу Беларусь страціла пятнаццаць мільярдаў долараў.

Ян Бабіцкі belsat.eu