Лукашэнка адрэгулюе тарыфы ЖКГ. Чаму гэта не дапаможа?


Пенсіянерка Любоў Санкевіч з Бабруйску жыве ў двухпакаёвай кватэры ды кожны месяц плаціць за карыстанне жыллёва-камунальнымі паслугамі ладную частку сваёй пенсіі. За верасень трэба аддаць ажно траціну пенсіі – Br 90. Лічбы ў жыроўцы растуць пастаянна, і канца гэтаму – не відаць.

У апошняй жыроўцы спадарыня Любоў прачытала, што цяпер яна пакрывае 69 % ад сабекошту паслугаў. Засумнявалася, а таму вырашыла зрабіць падлікі, наколькі «пацяжэла» жыроўка за апошнія сем гадоў.

Вываз смецця стаў даражэйшы ў 125 разоў!

Аказалася, што тарыф аплаты за капітальны рамонт з 2010-га без уліку інфляцыі вырас больш чым у тры разы, каналізацыя – больш чым у 15, а вываз смецця дык увогуле стаў даражэйшы ажно ў 125 разоў!

«У мяне валасы дыбам усталі! Ад таго, які вынік я атрымала. Калі ўзяць груба, ты мы ўжо плацім 500 % за паслугі. Пра якія 100 % можна казаць?», – абураецца пенсіянерка.

Блогер Віктар Малішэўскі падлічыў, што толькі сёлета за першых восем месяцаў тарыфы ЖКГ выраслі на 8,4 %.

Тарыфы растуць як на дражджах

У 2014-м – ажно на палову, у 15-м – амаль на траціну, летась – на столькі ж. Тарыфы на камунальныя паслугі растуць, як на дражджах. І хоць кіраўнік дзяржавы чарговы раз заявіў, што кошты ў гэтай галіне мусяць быць пад’ёмныя для народу, дна ў жыроўках беларусаў не відаць да сёння.

Каб чарговы раз навесці парадак у сферы ЖКГ, сёння Аляксандр Лукашэнка паставіў перадам урадам новую задачу: з 1-га студзеня наступнага года падвышаць тарыфы на камунальныя паслугі можна на суму, не большую за $ 5, а ў далейшым – толькі з ягонага асабістага дазволу.

«Гэта антынародны падыход да справы», – падсумаваў працу камунальнікаў кіраўнік Беларусі.

Асабісты кантроль Лукашэнкі нічога не зменіць

Колькі б кіраўнік краіны ні адводзіў тэрмінаў на пагашэнне спажыўцамі сабекошту камунальных паслугаў, адміністратыўны метад рэгулявання тарыфаў наўрад ці спрацуе, упэўнены былы працаўнік сістэмы ЖКГ Павел Спірын.

«Грамадзяне Рэспублікі Беларусь могуць плаціць за паслугі ЖКГ толькі столькі, колькі яны зарабляюць. Калі чалавек зарабляе канкрэтную суму, то больш, чым у яго ёсць, ён ніколі не заплаціць», – даводзіць Павел.

Ды, як паказвае практыка, якія б палітычныя рашэнні ні прымалі – калі яны супярэчаць законам эканомікі, апошнія ўсё адно расстаўляюць усё па сваіх месцах.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: president.gov.by