Лукашэнка абвінаваціў расейскую прэсу ў развязванні вайны


Барацьба за навіны набывае палітычны характар – пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на сусветным кангрэсе расейскай прэсы, што праходзіць у Менску. Кіраўнік краіны, сярод іншага, задаўся пытаннем: хто, апроч палітыкаў і чыноўнікаў, нясе адказнасць за гібрыдную вайну?

Лукашэнка прыйшоў да прадказальнага адказу – вінаватыя медыі.

Пра інфармацыйную барацьбу як складнік гібрыднай вайны Аляксандр Лукашэнка гаварыў і раней, напярэдадні Дня Волі.

На думку ж метадолага Уладзіміра Мацкевіча кіраўнік краіны з такімі заявамі спазніўся – у глабальным сэнсе гібрыдная вайна перайшла ў вострую стадыю яшчэ чатыры гады таму, калі пачаўся канфлікт на Данбасе. І беларускія дзяржаўныя медыі, што пішуць па-расейску, маглі б узяць удзел у інфармацыйнай вайне на баку справядлівасці, дэмакратыі, каб мелі ўплыў у гэтай рускамоўнай прасторы.

Нездарма пытанне пра інфармацыйныя войны гучыць на кангрэсе рускамоўнай прэсы – бо менавіта рускамоўная прастора, мяркуе Мацкевіч, і зʼяўляецца пляцоўкай гэтае вайны.

Насамрэч гібрыдную вайну вядуць чыноўнікі

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі гэтую тэзу пацвярджае: на яго думку, менавіта чыноўнікі вядуць гібрыдную вайну супраць журналістаў, а не наадварот. Бо, нягледзячы на гучныя заявы кіраўніка краіны аб тым, што ніякага ціску на медыі няма, у індэксе свабоды прэсы Беларусь стабільна займае апошнія месцы – побач з Конга, Кітаем і Свазілендам.

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum