Аб'ектыў 22.11.2017 ЛНР супраць ДНР. Што за разборкі паміж сепаратыстамі?


Цэнтр Луганску занялі ўзброеныя людзі ў камуфляжнай форме без апазнавальных знакаў. «Зялёныя чалавечкі» не выставілі аніякіх патрабаванняў, але блакавалі доступ да некаторых будынкаў. А сваю прысутнасць на вуліцах Луганску яны патлумачылі «загадам» міністра ўнутраных справаў Ігара Карнета. За некалькі гадзінаў да гэтага кіраўнік гэтак званай ЛНР Ігар Платніцкі адправіў яго ў адстаўку ў сувязі з распачынаннем крымінальнай справы. Карнет не захацеў падпарадкоўвацца загаду, а яго людзі адмовіліся пакідаць горад.

Жыхары акупаванага Луганску не здзівіліся – вайна ёсць вайна

Напярэдадні ўвечары некалькі раёнаў Луганску засталіся без электрычнасці, мабільнай сувязі ды інтэрнэту. У горад увайшлі танкі і бронетранспарцёры з суседняга Данецку. Уварванне калоны зафіксавала маніторынгавая місія АБСЕ. У сетцы загаварылі аб магчымым аб’яднанні ЛНР і ДНР.

«Будзе ці не будзе абʼяднанне – гэта будзе залежыць ад таго, што хоча Масква, якую картачную або шахматную партыю яна разыгрывае. Але зараз гэта цалкам нерэальныя рэчы, бо сітуацыя выйшла з-пад кантролю», – упэўнены журналіст Андрэй Раманенка.

А што Украіна?

Тым часам зʼявіліся паведамленні пра тое, што расейскія танкі перасеклі мяжу Украіны ў луганскім кірунку. З гэтай нагоды прэзідэнт Пятро Парашэнка правёў тэрміновую нараду Ваеннага кабінету Савету нацбяспекі Украіны. Ён папярэдзіў, што ў сувязі з павелічэннем колькасці расейскіх вайскоўцаў, а таксама актывізацыяй наймітаў украінскія Узброеныя сілы гатовыя да любога развіцця падзеяў дзеля запэўнівання бяспекі мірнага насельніцтва.

«Зразумела, што ні пра які паўнавартасны наступ гаворкі быць не можа, не будзе ўспышкі. Але зразумець, што там у галовах людзей у Луганску, што займаюцца гэтым усім, хто іх кантралюе, – вельмі складана. Лепш перастрахавацца і быць гатовым да любога развіцця падзеяў», – мяркуе спадар Раманенка.

«Гэта не толькі ўнутраныя разборкі паміж гэтымі бандамі, якія ёсць. Гэта таксама разборкі паміж адпаведнымі расейскімі спецслужбамі. Гэта вельмі выразна даказвае, што менавіта Расея там усім руліць», – заявіў кіраўнік МЗС Украіны Паўло Клімкін.

Крэмль: падзеі ў Луганску – унутраная справа самаабвешчанай рэспублікі

Паведамленні пра тое, што Масква падтрымлівае адзін з бакоў канфлікту, не адпавядаюць рэчаіснасці, цвердзяць расейскія ўлады. Таму застаецца няясна, хто цяпер кантралюе Луганск.

Аднак сёння мясцовыя інфармацыйныя рэсурсы распаўсюдзілі відэа, на якім Платніцкі праводзіць рабочыя сустрэчы з мясцовымі чыноўнікамі, а таксама выканальнікам абавязкаў міністра МУС і ягоным намеснікам. Кіраўнік гэтак званай ЛНР запэўнівае, што трымае сітуацыю пад асабістым кантролем.

Ігар Карнет, Алена Саладоўнікава, Віталь Бабін, «Белсат», фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары