Літва будуе плот з калючым дротам на мяжы з Расеяй


Вышыня плоту з калючым дротам – амаль тры метры, працягласць – 45 кіламетраў. Улічваючы ўсю працягласць сухапутнай літоўска-расейскай мяжы, больш як 235 кіламетраў, такая агароджа наўрад ці абароніць ад тэарэтычнай агрэсіі. На цырымоніі сімвалічнага пачатку будаўніцтва некаторыя чыноўнікі гэта прызнавалі.

«Кажучы пра нейкія геапалітычныя пагрозы, то існуюць больш эфектыўныя захады ўздзеяння. А гэтыя збудаванні збольшага створаныя супраць нелегальнага мінання мяжы», – падкрэсліў Рэнатас Пажэла, камандзір Службы памежнай аховы Літвы.

Іншыя чыноўнікі казалі наўпрост пра небяспечнага суседа

Толькі на мінулым тыдні літоўскія памежнікі знялі з цягніка чатырох расейскіх жаўнераў у цывільным, якія мінулі мяжу без адмысловага дазволу.

«Мы ўсе ведаем пра падобныя інцыдэнты, кшталту таго, што здарыўся ў Эстоніі ў 2014-ым, калі эстонскія ўлады абвінавацілі расейцаў у выкраданні афіцэра на іхнай тэрыторыі. Каб перадухіліць падобныя сітуацыі, мы пастанавілі збудаваць гэтую агароджу», – патлумачыў Эймуціс Місюнас, міністр унутраных справаў Літвы.

Падобную агароджу збудуюць таксама Латвія і Эстонія

Платы падобнага фармату, што і літоўскі паўстануць на большай частцы сухапутнай мяжы з Расеяй. У краінах Балтыі падкрэсліваюць, што гэта неабходны крок для самых геаграфічна блізкіх да Расеі краінаў-сябраў НАТО. Балтыйскія краіны неаднаразова падкрэслівалі існаванне наўпроставай небяспекі з боку Расеі. Кіраўніца Літвы сёння ўдакладніла.

«Самое суседства з Расеяй і Беларуссю – пагроза НАТО. Плюс мілітарызацыя Калінінградскай вобласці, плюс выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для розных эксперыментаў і агрэсіўных гульняў, скіраваных супраць Захаду», – патлумачыла прэзідэнт Даля Грыбаўскайце.

Гаворка вядзецца пра вераснёўскія расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017». Усе суседзі нашай краіны не выключаюць правакацыяў падчас гэтых манеўраў, план якіх дагэтуль не раскрываецца. А спецслужбы Украіны ўпэўненыя, што пасля заканчэння вучэнняў расейскі кантынгент войскаў – чакаецца, што гэта будуць тры тысячы жаўнераў – застанецца на тэрыторыі нашай краіны.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Ints Kalnins / Reuters / Forum