Літоўскі дэпутат: Беларусь не змяняецца, Лукашэнка не змяняецца


Паводле графіку ідуць візіты замежных дэлегацыяў у Менск. Тлумачыцца за масавыя затрыманні мусяць і міністры, і Лукашэнка.

Старшыню Парламенцкай асамблеі АБСЕ Крыстын Мутанэн кіраўнік Беларусі запэўніваў, што Беларусь можа быць прыкладам для іншых краінаў на фоне нестабільнасці. А правоў і дэмакратыі, маўляў, не менш, чым у Еўразвязе. Інакш мяркуюць шмат якія еўрапейскія палітыкі.

«Маё асабістае меркаванне, што Беларусь не змяняецца, Лукашэнка не змяняецца. Гэта чарговая гульня, калі ён кажа, што ён любіць еўраінтэграцыю». – упэўнены Эгідзіюс Варэйкіс, Літоўскі саюз сялянаў і зялёных.

«Сітуацыя ў Менску пагаршаецца, прычым і палітычная, і эканамічная. Таксама бачым вайсковыя рухі з боку Расеі. І ў гэтай сітуацыі, калі б я быў беларускім патрыётам, я б шукаў сяброў на захадзе», – дадае Жыгімантас Павілёніс, Саюз Айчыны – Літоўскія хрысціянскія дэмакраты.

Пытанне затрыманняў закраналі на паседжанні Рады правоў чалавека ААН

Прысутныя на мерапрыемстве праваабаронцы прэзентавалі апошнія звесткі аб колькасці пакараных актывістаў ды журналістаў. Днямі ж адмысловы спавяшчальнік ААН у правах чалавека Міклаш Харасці раскрытыкаваў ужыванне ўладамі Беларусі гвалту ў адносінах да мірных людзей. А таксама паведаміў, што падасць сваю справаздачу датычна дэкрэту «Аб сацыяльным утрыманстве» на спатканні Рады правоў чалавека ААН у чэрвені сёлета.

«Белсат»