Аб'ектыў 24.04.2018 Ліквідатары ЧАЭС – пра тое, хто будзе ліквідаваць ядравыя катастрофы ў будучыні


У часе чарнобыльскай аварыі яны былі героямі, іх называлі ліквідатарамі, ім дзякавалі і давалі ільготы. Але чым больш падрывалася іх здароўе, тым менш заставалася ўвагі і датацыяў дзяржавы. Гэтак у Беларусі. А як ва Украіне пачуваюцца тыя, хто першымі ўзяў на сябе радыяцыйны ўдар? Цяпер украінскія ліквідатары вымушаныя нагадваць пра свае праблемы.

Сёння ў Кіеве прайшоў мітынг у памяць ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай электрастанцыі.

Да ўдзелу ў «Хадзе памяці» запрашалі прэзідэнтаў розных краінаў і прэзідэнта Украіны, але нават мэр Кіева Віталь Клічко не выйшаў, каб павітаць удзельнікаў шэсця.

На штогадовую акцыю ўдзельнікі прыязджаюць, не зважаючы на праблемы са здароўем. Дарагія медыкаменты і немагчымасць лекавацца на належным узроўні – гэта асноўная тэма людзей, якія 32 гады таму першыя сустрэліся з радыяцыяй.

«Пад маім кіраўніцтвам было 26 кіроўцаў. І мы там 22 содні бязвыезна з зоны адчужэння адкачвалі цяжкую ваду. Якую раней тушылі нашыя калегі пажарнікі. Хвароба спасцігла нас, пачалося гэта праз дзесяць, дваццаць гадоў. У мяне быў інсульт», – кажа Васіль Ажаганыч са «Звязу чарнобыльцаў Украіны», жыхар гораду Шосткі.

Удзельнікі мітынгу – аб’яднанні ветэранаў Чарнобылю разам з Канфедэрацыяй вольных прафсаюзаў звярнуліся да кіраўніка Вярхоўнай Рады з патрабаваннем разгледзець у парламенце законапраект пра аднаўленне сацыяльных гарантыяў чарнобыльцам.

«На нас цяпер не звяртае ўвагі ні ўрад, ні прэзідэнт. Таму калі, не дай божа, штосьці адбудзецца, якая-небудзь яшчэ аварыя, усе будуць думаць – ці пайсці яе ліквідаваць, ці не», – кажа ліквідатар Пятро Атаманчук з Лубнаў.

Затое чарнобыльцаў не абмінаюць увагай прадстаўнікі апазіцыйных сённяшнім уладам партыяў. Напрыклад, лідарка партыі «Украіна – вперед!» Наталля Каралеўская, якую неаднаразова абвінавачвалі ў падтрыманні сепаратыстаў на Данбасе.

«Павінныя зрабіць усё, каб абараніць тых, хто жывы. І дапамагчы гэтым людзям атрымаць тыя гарантаваныя дзяржавай кампенсацыі, якіх, парушаючы Канстытуцыю Украіны, ім, на жаль, сёння не выплачваюць», – кажа Каралеўская.

На мітынгу памяці чарнобыльцаў была і партыя «Відроджэння«, утвораная колішнімі чальцамі Партыі рэгіёнаў збеглага з Украіны прэзідэнта Віктара Януковіча.

Адэля Дубавец; фота – Глеб Гараніч/Reuters

Глядзі таксама
Каментары