Лібералізацыі не адбылося: прадпрымальнікі вымушаныя закрываць гандлёвыя пункты па ўсёй краіне


Дэкрэт №7, які меўся спрасціць жыццё прадпрымальнікам, не толькі не апраўдаў іхных чаканняў, але і пагатоў ад пачатку распрацаваны без уліку інтарэсаў іпэшнікаў. Несуцяшальная выснова падсумоўвае апытанне прадпрымальнікаў, зладжанае аб’яднаннем «Перспектыва» ў межах рэйтынгу «Найлепшы рэгіён для вядзення бізнесу».

Меліся вызначыць найлепшы рэгіён для бізнесу, але атрымалася наадварот. Паводле даследавання, якое прэзентавала аб’яднанне прадпрымальнікаў «Перспектыва», найгоршым рэгіёнам для малога бізнесу ёсць Віцебшчына. Але і ў іншых раёнах сітуацыю нельга назваць спрыяльнаю, кажа прадпрымальнік з Горадні.

«Гандлюю я мужчынскай вопраткай, паліто, курткі, мужчынскі асартымент», – кажа прадпрымальнік Андрэй Кляпацкі.

Андрэй гандлюе на гарадзенскім рынку «Паўднёвы». Пытанню пра абароты нават здзівіўся, кажа: 1–2 пакупнікі на тыдзень.

«Пакупніцкая здольнасць у цяперашні час, можна сказаць ужо і мінусавая. Мы сапраўды зводзім канцы з канцамі, а заробку на дадзены момант проста не існуе», – кажа прадпрымальнік Андрэй Кляпацкі.

Пра тое, што ІП вымушаныя закрываць гандлёвыя кропкі, кажуць і ў рэгіёнах, і ў сталіцы. Практычна штодня закрываецца прынамсі адно гандлёвае месца на сталічным аўтарынку «Ждановічы», кажа Павел Шыпілаў, сам ён цяпер ліквідуе ІП.

«На дадзены момант перспектываў развіцця бізнесу мы не бачым, гаворка ідзе пра захаванне бізнесу, выжыванне, з некаторымі момантамі падзення», – кажа намеснік старшыні Абʼяднання «Перспектыва» Павел Шыпілаў.

Да старых праблемаў дадаліся і новыя. ІП па-ранейшаму скардзяцца на прэзідэнцкі ўказ нумар 222 і тэхрэгламенты Еўразійскага эканамічнага звязу. Нормы прадугледжваюць наяўнасць сертыфікатаў якасці тавараў у гандляроў. Дадатковыя правілы, электронны таваразварот, чыпаванне верхняй вопраткі – усё гэта ставіць крыж на дробным гандлі, кажа старшыня «Перспектывы».

«Я не думаю, што ўлады ставяць мэту паціснуць руку апошняму прадпрымальніку, іншая справа, з-за немабільнасці сістэмы і з-за таго, што ўсе глядзяць у рот аднаму чалавеку, і з-за гэтага ідзе знішчэнне ІП, гэта іншае пытанне. З гэтым трэба нешта рабіць», – кажа старшыня ГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

Сярод іншага – прыслухоўвацца да «Перспектывы», кажуць арганізатары даследавання. Але пакуль практычна без вынікаў. Працоўная група пры Міністэрстве эканомікі з дыскусійнай пляцоўкі паміж ІП і чыноўнікамі трансфармавалася ў звычайны семінар. А 70 % ІП у межах апытання адказалі, што закон аб лібералізацыі іх увогуле не закрануў. Каб чарговы раз нагадаць уладам пра свае праблемы, «Перспектыва» плануе правесці форум прадпрымальнікаў, які адбудзецца ў сталіцы ў наступны панядзелак.

Аркадзь Несцярэнка belsat.eu