Лаяліся, жартавалі і білі: «маскі-шоу» пасля канцэрту «Miensk Edge Day 2017»


Дзясяткі наведнікаў канцэрту «Miensk Edge Day 2017», разам з музыкамі, былі дастаўленыя ў РУУС Партызанскага раёну: кагосьці позна ўвечары адпусцілі, кагосьці адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна.

Блізкія да позняй ночы спрабавалі высветліць лёс удзельнікаў канцэрту, які сарваў сталічны спецназ. На пачатку канцэрту працаўнікі АМАПу праз «чорны ўваход» уварваліся на канцэрт, які праходзіў па адрасе Чапаева 3, і пачалі класці на падлогу наведнікаў канцэрту. Тых, хто стаяў бліжэй да дзвярэй, білі нагамі. Больш за паўтары гадзіны каля сотні чалавек стаялі тварамі да сцяны «на расцяжцы».

«На колькі я ведаю, падчас затрымання нікому нічога не тлумачылі, што адбываецца. І тое, што ўжывалі фізічную сілу абсалютна незразумела. І чаму людзей трэба біць па нырках? Што пракантраляваць іншым чынам ніяк не магчыма? Супраціў ніхто не аказваў», – кажа праваабаронца Наста Лойка.

У Менску мусіў прайсці супольны канцэрт чатырох калектываў з Расеі і Беларусі. Інфармацыя пра яго распаўсюджвалася ў сацыяльных сетках. Сярод слухачоў былі пераважна прыхільнікі філасофіі «Straight edge», якія не ўжываюць наркотыкаў, алкаголю, тытуню, не прымаюць лекаў, здараецца, што адмаўляюцца ад кавы. Часта – вегетарыянцы або веганы. Але тыя, хто выступае супраць фашызму, з гвалтам сутыкнуліся.

«Абыходзіліся ў грубай форме. Запісвалі дадзеныя, трымалі на расцяжцы. Вывелі, шмат жартавалі… непрыгожа. Кагосьці вывезлі, а нам сказалі разыходзіцца, іначай будзе па-іншаму весціся размова», – распавядае ўдзельнік канцэрту.

Збіццё працягвалася і ў аўтобусе. Палову гледачоў адвезлі да ўнівермагу «Беларусь» і адпусцілі, а палову даставілі ў Партызанскі РУУС, адтуль 10 чалавек даставілі ў ізалятар на Акрэсціна.

«Усе менскія ці хто выглядае на спакайнешага – заставаліся. Іншагародніх усіх, здаецца, забралі. Тутаіроўкі мелі значэнне, калі яны ёсць, то забіралі», – кажа ўдзельнік канцэрту.

«Нават калі пыталіся ў супрацоўнікаў, так званай міліцыі, чаму адбыліся затрыманні? Яны не давалі ніякага адказу, казалі, што мы самі нічога не ведаем», – распавядае графіціст Максім Пякарскі.

За апошні час гэта далёка не першы выпадак ціску на прадстаўнікоў руху антыфашыстаў і анархістаў. Днямі ў Горадні паводле падобнага сцэнару была сарваная лекцыя расейскага філосафа, які цяпер трымае сухую галадоўку на соднях у баранавіцкім ізалятары.

«Быў такі выпуск часопісу «Ералаш», які скончваўся фразай, нічога сабе схадзіў па хлеб. Вось з гэтай серыі. Прыехаў з лекцыяй філасофіі ў саюзную дзяржаву, Рэспубліку Беларусь. А потым былі людзі ў масках – станьце ўсе ў адзін шэраг, абкатванне пальцаў, некалькі гадзінаў «палюбоўнай» размовы з міліцыяй», – кажа філосаф Юрый Барысаў.

Ці можам згадаць шматгадзінныя ператрусы і канфіскацыю тэхнікі некалькі тыдняў таму ў анархістаў. Праваабаронцы не выключаюць, што хваля палітычнай зачысткі перад пратэставаю восенню працягнецца ці нават завострыцца.

Наста Ільіна, «Белсат»