Аб'ектыў 12.04.2017 Ларыса Шчыракова – журналістка, у якой адбіраюць сына, атрымала штраф


Дзякуючы кадрам пратэсту ў Гомлі, якія выйшлі на нашым тэлеканале, беларусы даведаліся, як міліцыя намагалася сарваць працу незалежных медыяў падчас асвятлення пратэстаў 25 сакавіка.

За гэты матэрыял прыцягнулі да адказнасці журналістку «Белсату»

Ларысу Шчыракову судзілі адразу паводле чатырох пратаколаў. Два з іх склалі за незаконны выраб прадукцыі медыяў без акрэдытацыі, два наступныя – за няяўку ў міліцыю. Агулам суддзя суду Гомельскага раёну Тамара Стаўніцкая налічыла Ларысе Шчыраковай штрафы Br 943.

Назіральнікі за працэсам абураныя

«Мне цяжка сказаць добра спала суддзя гэтай ноччу, вывучала справу ці не. Але бачна, што яна гэтую справу не вывучала, бо той пратакол, які ёсць у матэрыяле, нават суддзя не змагла прачытаць», – зазначыў праваабаронца Леанід Судаленка.

Ціснуць за нязручную праўду

Акрамя матэрыялаў з пратэстаў на Дзень Волі падставаю да фінансавага пакарання стаў і матэрыял пра крытычную сітуацыю ў адным са шпіталяў у Гомельскім раёне, дзе праз безадказнае стаўленне дактароў жыццё і здароўе некаторых пацыентаў апынулася пад пагрозаю. Аднак, са словаў Ларысы Шчыраковай, найбольш мясцовыя ўлады разʼюшыла асвятленне пратэставых настрояў.

«Калі пачаліся масавыя пратэсты ўлады вельмі напужаліся. Іх актыўна асвятляў «Белсат», папулярнасць гэтага тэлеканалу вырасла, а гледачы вельмі высока ацанілі нашую працу. Цяпер галоўная задача ўлады – заткнуць нам рот, каб голас праўды не гучаў», – падкрэсліла Ларыса.

Штрафаў мала, хочуць забраць сына?

17 сакавіка Ларысе Шчыраковай прысудзілі сем базавых велічыняў за нібыта ўдзел у пратэстах у Рагачове. Неўзабаве пасля гэтага журналістцы пачалі пагражаць, што адбяруць сына. Са словаў Ларысы, да яе маці прыйшлі асобы ў цывільным.

«Ёй даводзілі, што я займаюся незаконнай дзейнасцю, што праз гэта ў мяне могуць зʼявіцца праблемы з сынам, сямʼя будзе пастаўленая ў стан сямʼі, якая апынулася ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэта ў сваю чаргу будзе падставаю, каб пачаць працэдуру адабрання дзіцяці», – узгадвае журналістка.

Пакуль невядома, якім чынам на гэта могуць паўплываць буйныя штрафы, якія апошнім часам атрымала журналістка. Падобныя метады ціску на няўгодных уладзе асобаў вядомыя даўно. У 2010 годзе ў былога кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава і журналісткі Ірыны Халіп органы апекі прабавалі забраць сына. Гэта адбылося пасля іх затрымання за ўдзел у Плошчы.

Працягваецца ціск і на іншых прадстаўнікоў незалежных медыяў

Буйнымі штрафамі пакаралі іншых незалежных журналістаў з Гомля Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына. За працу без акрэдытацыі ім прысудзілі сорак і дваццаць базавых велічыняў адпаведна.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары