Прыйшлі пад выглядам «прымусовага агляду» ды абакралі? Прынамсі гэтак сцвярджае жыхарка Лагойску Алена Пацёмкіна. Маўляў, судовыя выканаўцы арыштавалі яе маёмасць, але потым некаторых каштоўных рэчаў у спісе не аказалася. Самыя судовыя выканаўцы з абвінавачваннем не пагаджаюцца і раюць звяртацца ў міліцыю. Дык хто ж мае рацыю?
Рашэнне аб прымусовым аглядзе і арышце маёмасці Васіля Пацёмкіна прыняў суд. Аднак мужчына – грамадзянін Расеі, там жа зарэгістраваны, і са словаў жонкі, каля пяці гадоў не жыве ў Беларусі. Але гэта не стала перашкодай для судовых выканаўцаў. 28 красавіка яны з‘явіліся ў Лагойску ў доме Алены.
«Пачынаюць пад’язджаць машыны. Вялікі бус, жоўты мінівэн, міліцыя і незразумелыя людзі ў цывільнай вопратцы. Пазваніў маме, мама сказала не баяцца. Але я сабраў усё, што мог, надзеў швэдар, штаны і пераскочыў праз плот», – распавядае яна.
Засталася ахоўваць дом вялікая аўчарка, якая знікла пасля інцыдэнту.
«Дзверы ўскрывалі без гаспадароў, і відаць, што ламалі вельмі груба. Тут, напэўна альбо малатком, альбо нечым цяжкім білі па замку, і таму яго зламалі», – кажа жанчына.
На шум сабраліся суседзі з вуліцы, якія прасіліся быць панятымі, аднак панятых судовыя выканаўцы прывезлі з сабой. Алена Пацёмкіна кінула працу, знайшла запужанага сына, ды зайшла дадому:
«Думаю, зраблю дзіцяці бутэрброд. Узяла нож – падбеглі ззаду тры міліцыянты, заламалі ззаду рукі, надзелі кайданкі, заламалі так, што вельмі балюча было, засталіся і сляды і сінякі».
Алене не дазволілі выходзіць з кухні, пагражалі, што забяруць у міліцыю, ды прымусілі падпісаць чыстыя Аркушы. Кантраляваць судовых выканаўцаў ды іншых асобаў было немагчыма. Не далі і азнаёміцца са спісам арыштаванай маёмасці.
«Працэс ніхто не кантраляваў. Супрацоўнікі суда і міліцыі былі тут, нейкія людзі выносілі гэта ўсё, хапалі, і ў момант, калі выносілі адсюль, таксама ніхто не стаяў са спісам, не глядзеў, што выносіцца, у якой колькасці», – кажа жанчына.
Алена адправілася да судовых выканаўцаў – патрабаваць азнаямлення са спісам арыштаванага.
«Наколькі мне вядома, грошай ніхто не забіраў. Зараз паглядзім вопіс, калі не забіралі, калі былі грошы, значыць, іх скралі. Калі іх скралі, значыць, звяртайцеся з заявай у міліцыю», – кажа чыноўнік.
Кіраўнік аддзелу прымусовай вытворчасці запэўніваў, што ўсё адбывалася ў межах закону.
«Усё было зроблена пры садзейнічанні зацікаўленых службаў. Там былі не толькі судовыя выканаўцы – як вы думаеце, судовыя выканаўцы проста так пойдуць да чалавека ў дом, пакрыўдзяць бедную няшчасную жанчыну?»
Алена: «Тады мне скажыце, на якой падставе ўтрымальнікі, зацікаўленыя асобы хадзілі па доме, выносілі рэчы, яны мелі права?»
«Яны мелі поўнае права, як бакі выканаўчай вытворчасці яны былі прыцягнутыя да ўдзелу ў выканаўчых дзеяннях».
Алене далі азнаёміцца са спісам, і аказалася, што там шмат чаго не хапае:
«Судовая выканаўца сказала, што футра бачыла, футра паказвалі, але ў апісанне яго не занеслі. Няма маёй скураной курткі, няма пярсцёнка прабабулінага, грошай няма».
Алена звярнулася ў міліцыю, у пракуратуру, але не ўпэўненая, што зможа даказаць факт крадзяжу. Са словаў судовых выканаўцаў, маёмасць дзяцей, якая трапіла ў спіс, можна вярнуць праз суд.
«Парушаецца закон цалкам. Што я збіраюся рабіць? Змагацца, усімі магчымымі спосабамі. А шчыра, мой сын увогуле сказаў: давай усё прададзім і з’едзем», – распавядае жанчына.
Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»