Курганны могільнік ператварылі ў сметнік


Казаргаць – месца памяці продкаў і сапраўдная скарбніца нашай гісторыі. Тут, у нацыянальным парку «Прыпяцкі», што на Тураўшчыне, паміж вёскамі Рыдча і Хільчыцы, месціўся курганны могільнік зарубянецкай археалагічнай культуры, які мог бы зрабіць ваколіцы турыстычнай разынкай рэгіёну. Але некалькі гадоў таму помнік папросту знеслі дзеля пашырэння мясцовай фермы ды напярэдадні візіту Лукашэнкі. На месцы ж могільніка вырас… вялізны сметнік.

«Тут калісьці, я памятаю, быў вялікі пешчаны горб-узгорак, на якім нават раслі чырвонакніжныя расліны. Але спачатку гэты ўзгорак капалі, здабывалі пясок, нягледзячы на тое, што тут побач археалагічныя ды іншыя помнікі розных эпохаў», – кажа Інэса Балоціна, біёлаг, краязнаўца.

Калі памеры сметніка ўва ўтвораным кар’еры дасягнулі такіх памераў, што сталі пагражаць археалагічным помнікам, у справу ўмяшалася пракуратура. І тады камунальнікі знайшлі іншае выйсце ды перааформілі яго – ужо на законных падставах – у міні-палігон. Куды і сёння звозяцца камунальныя адкіды з Турава ды навакольных вёсак.

«Гэтае смецце робіцца і праблемай лесніка, які замест таго, каб ахоўваць лес, саджаць яго і даглядаць, ён мусіць прыбіраць гэтыя пакеты ды іншае смецце ў сваім масіве», – распавядае Андрэй Мядзведзеў, былы ляснічы.

На другім жа баку ўрочышча ёсць яшчэ адное месца, якое вымагае дадатковай аховы ад смецця – габрэйскія могілкі 19-га стагоддзя. На думку гісторыкаў, вакол іх таксама могуць быць не даследаваныя помнікі археалогіі. Аднак галоўнае – маральны бок гэткага суседства, кажа гісторык Арон Флейтман, у якога на гэтых могілках пахаваныя бацькі.

«Гэта свайго кшталту блюзнерства. Бо могілкі – гэта святое месца. І хоць яно знаходзіцца ў вось такім месцы, яго наведваюць сваякі памерлых, якія прыязджаюць і з Нямеччыны, і з Ізраілю, і з Расеі», – кажа Арон Флейтман, гісторык.

І хоць міні-палігон цвёрдых адкідаў – адзіны, які дагэтуль застаецца ў раёне, перспектыва ягонай ліквідацыі па-ранейшаму цьмяная. У планах уладаў – пабудова падобнага сметніка ў іншым месцы, недалёка ад гэтага ж урочышча.

«У нас праектная дакументацыя ёсць, выснова экспертызы ёсць. На жаль, няма толькі крыніцы фінансавання. Нібыта праглядаецца на 19-ты год, таму з умовай рэалізацыі гэтага праекту мы, вядома, закрыем гэты міні-палігон», – тлумачыць Іван Свежанец, начальнік Жыткавіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў.

Між тым час гуляе не на карысць наваколля. Як адзначаюць эколагі з таварыства «Зялёная сетка», на існым сёння сметніку нічога асаблівага, што б засцерагала прыроду, грунтовыя воды ці паветра, не збудавана, бо смецце наўпрост кідаецца на дол. Дарэчы, менавіта таму і перанос гэткага палігону далей ад лесу і гістарычных помнікаў наўрад ці вымагае вялікіх выдаткаў.

Віталь Бабін, «Белсат»