Крымінальная справа Касінерава: замест турмы – штраф


У судзе Маскоўскага раёну Менску прайшоў першы і, як аказалася, апошні дзень разгляду крымінальнай справы супраць анархіста Вячаслава Касінерава. Як цвердзяць праваабаронцы, працэс дэманстратыўна зрабілі адкрытым, каб паказаць нібыта справядлівасць суда ў Беларусі.

Вінавацілі маладзёна, што той накінуў пятлю на шыю помніку царскаму градавому

Здарэнне адбылося 12-га сакавіка каля будынку Міністэрства ўнутраных справаў на Гарадскім Вале ў Менску. Паводле пракурора Яўгена Серакова, гэта хуліганскі ўчынак, а таму той запатрабаваў для Касінерава два гады абмежавання волі, без скіравання ў папраўчую ўстанову.

Вытрымка з абвінавачання:

«Груба парушаючы грамадскі лад і выказваючы сваю непавагу да грамадства, супрацьпастаўляючы сваю асобу грамадскім інтарэсам і нормам маралі (…), паказваючы бясчынства, дзеяў з выключным цынізмам».

Адвакат Антон Гашынскі абурыўся словамі пракурора

Спадар Гашынскі запэўніваў, што ніякай шкоды Касінераў не нанёс і гвалту ў дзеяннях актывіста не было, а, значыць, справу варта закрыць, Вячаслава апраўдаць. А, паводле прысутнай на судзе нявесты Вячаслава Касінерава, нават міліцыянты, якія затрымлівалі актывіста адразу пасля акцыі, не да канца разумелі, у чым жа небяспека грамадству ў дзеяннях падсуднага.

«Вельмі абсурдна, і смешна на гэта глядзець. Калі міліцыянты не адмаўляюць таго, што ім загадвалі жорстка з ім абыходзіцца, не бачаць неабходнасці апранаць яму кайданкі, ці ўвогуле караць. Яны быццам не разумеюць што адбываецца цяпер. Ім відавочна загадалі прыйсці ў суд, а нейкага інструктажу не атрымалі напэўна», – зазначыла нявестка Касінерава Марына Насенка.

Не злачынства, а перформанс!

Вячаслаў Касінераў, які з 21-га красавіка пад падпіскаю аб нявыездзе, у судовым працэсе пагадзіўся з тым, што пятлю на шыю скульптуры «царскага» градавога накінуў менавіта ён. Аднак называе гэта не злачынствам, а толькі перформансам, праз які актывіст пратэставаў супраць рэпрэсіяў у Беларусі.

«Улада для мяне, як для анархіста, зʼяўляецца інструментам гвалту над народам. А МУС гэта галоўная зброя ўладаў. І яны паставілі сабе гэтага ідала, і цяпер дэманстратыўна на яго ледзь не моляцца, і адмысловымі нейкімі загадамі абараняюць. А я спакусіўся на гэтае «святое», – патлумачыў анархіст здзейснены ўчынак.

Палітвязень ненадоўга

Менавіта таму судовы працэс над Вячаславам Касінеравым праваабаронцы разглядалі як помсту, а крымінальную справу назвалі – неадэкватнымі ды непрапарцыйнымі захадамі. З гэтае прычыны ў момант перабывання актывіста ў следчым ізалятары праваабаронцы нават прызнавалі Касінерава палітвязнем.

Юрый Салодкі, «Белсат»