Крамольная шыльда. «Гэтая гісторыя пра БНР – як костка ў горле нашым уладам»


У соты год БНР будынак па вуліцы Валадарскага 9, дзе ў 1918 годзе абвесцілі Беларускую Народную Рэспубліку, застанецца, хутчэй за ўсё, без памятнай табліцы. Прычына – негатыўная рэакцыя грамадскасці, пра што Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) паведаміў Менгарвыканкам за подпісам намесніка старшыні Ігара Юркевіча.

Ігар Барысаў, старшыня БСДП (Грамада), расказвае:

«Табліца – гэта краевугольны камень у павароце да нацыянальнай дзяржавы. І таму яна выклікае ў асобных груповак велізарную занепакоенасць і заклапочанасць. Таму што калі з’явіцца гэтая дошка, то зʼявіцца вялікая колькасць іншых».

Падрабязнасці пра звароты грамадзянаў у Менгарвыканкаме «Белсату» патлумачыць адмовіліся.

Алена Мохар, Галоўнае ўпраўленне Менгарвыканкаму: «Мы не маем права іх удакладняць, паколькі ёсць Закон аб звяртанні грамадзянаў».

АБ’ЕКТЫЎ: «Можа быць, вы б патлумачылі, з чым звязаны негатыў?»

Алена Мохар, Галоўнае ўпраўленне Менгарвыканкаму: «Пісьмовы зварот дасылайце».

Мы ж запыталіся ў менчукоў, што можа быць такога крамольнага ў табліцы, каб адмовіцца ад яе ўсталявання?

«Гэта гісторыя, гісторыю трэба ведаць, яе не трэба хаваць. Калі чалавек разумны, ён сам свае высновы зробіць».

«Вось гэтая гісторыя пра БНР – яна як костка ў горле нашым уладам».

«Калі мы зыходзім з таго, што БССР – гэта пачатак нашае незалежнасці, то не можа быць іншага пачатку».

«Я думаю, можа быць арганізацыйна яшчэ не сабраліся».

Аднак дазвол на мемарыяльную табліцу на будынку па вуліцы Валадарскага 9 улады далі яшчэ ў сакавіку! Тады грамадою сабралі неабходныя сродкі – за некалькі гадзінаў праз інтэрнэт-платформу «Талака» грамадзяне ахвяравалі 7 з паловай тысяч рублёў пры заяўленых 6 тысячах. У выніку атрымаўся бронзавы памятны знак – замест састарэлага арыгіналу, зробленага яшчэ ў 93-м годзе скульптарам Алесем Шатэрнікам.

«Гэтая адмова падрыхтаваная для Бабіча і Пуціна. Ніякіх дачыненняў да зваротаў, да інтарэсаў беларускага грамадства і незалежнасці гэтае ганебнае рашэнне не мае» – каментуе Павел Севярынец, сустаршыня БХД.

Улады не ўпершыню тлумачаць свае рашэнні зваротамі грамадзянаў, якія выступаюць супраць заяўленых ініцыятываў. Гэтак, напрыканцы жніўня Менгарвыканкам адмовіўся пераназываць станцыю метро «плошча Леніна» з улікам «неадназначных меркаванняў жыхароў гораду». У 2005 годзе галоўны праспект сталіцы – Францыска Скарыны – перайменавалі ў праспект Незалежнасці, бо так «папрасілі ветэраны».

«Калі б нейкія звароты і былі, яны былі б прадстаўленыя шырокай грамадскасці. Хутчэй за ўсё, гэтым фальшывым сцверджаннем, гэтай фальшывай прычынай проста павесілі такую шырмачку над рашэннем» – дадае Павел Севярынец, сустаршыня БХД.

Днямі падобную шырму вывесілі і ўлады Магілёва, адмовіўшыся ўшанаваць дошкай памяць антырасейскага паўстання 1661 года – бо, маўляў, ратуша ўжо не тая. Што праўда, сучасная ратуша не перашкодзіла ўсталяваць насупраць яе іншую табліцу – у памяць магілёўскай стаўкі расейскага імператара Мікалая Другога.

Віталь Бабін, belsat.eu