Кошты, «як у Маскве». Якія прадукты ў Беларусі за год патаннелі, а якія падаражэлі?


У суседзяў інфляцыя або ў некалькі разоў меншая, або ўвогуле – дэфляцыя. Беларусы ж штогоду аддаюць за тавары ўсё больш – кошты растуць, а вось заробкі і пенсіі не даганяюць. Цяпер жа афіцыйная статыстыка сведчыць, што рост коштаў запавольваецца. Нягледзячы на заявы, летась цэны ў беларускіх крамах выраслі на няпоўныя 12 %.

Як змяніліся кошты?

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за 11 месяцаў мінулага года найбольш патаннелі буракі, бульба, цыбуля, морква і капуста. Апошнія тры – ажно на чвэрць. Затое на 20 адсоткаў падаражэла смятана. Больш як на 10 адсоткаў выраслі кошты на мяса, хлеб, соль, памідоры, алей і прыправы. Сваймі назіраннямі з намі падзялілася прадавачка менскай крамы.

А што ў суседзяў?

Запавольванню тэмпаў інфляцыі спрыяе няспыннае падзенне рэальных прыбыткаў насельніцтва. Але, не зважаючы на гэта, у суседніх краінах, інфляцыя на парадак ніжэйшая. У Расеі яна была летась удвая больш павольная, чымся ў нашай краіне, у Еўразвязе – у 20 разоў меншая, а ў Польшчы, пры росце эканомікі ды заробкаў, па выніках года – дэфляцыя.

Расейцы параўноўваюць кошты

Расейскія турысты ў Менску канстатуюць, што за апошнія гады нібыта нізкай інфляцыі ў Беларусі айчынныя кошты зраўняліся з тымі, што ў Маскве, якая ўваходзіць у сотню самых дарагіх гарадоў свету.

«Мы глядзелі мужчынскія кашулі. Цана – маскоўская. Але выбар нашмат цікавейшы».

«Мы сёння накупілі вашай цудоўнай каўбасы з сабой у Маскву на рынку Камароўскім. І таксама заўважылі, што кошты на каўбасу, усё – зраўнавалася з Масквой».

«Мы з Піцера. Кошты крыху ніжэй. А ў Макдоналдсе такія ж прыблізна».

«Што тычыцца коштаў, у прынцыпе, з маскоўскімі падобныя – па грамадскім харчаванні. Кватэры, значна танней».

«Тут танней заўважна транспарт. А маршруткі гэтак жа каштуюць, у прынцыпе, як і ў нас».

Адна з прычынаў высокай інфляцыі ў Беларусі – рэгуляванне коштаў

Улады Беларусі кажуць, што гэта неабходна, каб абараніць інтарэсы людзей. Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця кажа, што гэтыя крокі людзям шкодзяць. Бо калі кошты на нейкі тавар заніжаныя штучна, то вытворцы не маюць матывацыі іх вырабляць, а імпарцёры – прывозіць з-за мяжы. У выніку атрымліваецца дэфіцыт. Тады ўлады гэтак жа штучна павялічваюць цэннікі на айчынную прадукцыю, а на шляху імпартавых тавараў уводзяць адміністратыўныя перашкоды.

Станіслаў Івашкевіч, Менск