Аб'ектыў 07.07.2017 Колькі валюты ляжыць у беларусаў пад матрацамі?


Сямнаццаты месяц запар беларусы падтрымліваюць валютны рынак сваймі ашчаджэннямі. За першае паўгоддзе сёлета насельніцтва выкінула на біржу $ 1.13 млрд.

На безнаяўным рынку сітуацыя адваротная

Людзі, якія захоўваюць ашчаджэнні на банкаўскіх дэпазітах, сёлета паціху пераводзяць іх часткова з рублёвых у доларавыя. І хаця доларавыя дэпазіты працягваюць падаць, але сёлета – больш павольней, чымся летась. Жаданне часткі банкаўскіх укладальнікаў перайсці ў валюту можа тлумачыцца павольнаю дэвальвацыяй рубля, які, за апошнія паўтара месяца абясцэніўся на 6.5 % і ўсутыч наблізіўся да псіхалагічнае мяжы Br 2 за $ 1.

Панікаваць рана

Хоць на безнаяўным рынку насельніцтва і скупляе валюту (а менавіта гэта раней правакавала абвал рубля). Але наяўных долараў, груба кажучы, вынятых з-пад матраца, беларусы выкідаюць назад на рынак у разы больш. Прынамсі пакуль.

Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця чакаў, што запасы на праяданне ў беларусаў могуць скончыцца яшчэ на пачатку гэтага года. Цяпер чакае, што продажы наяўнай валюты скароцяцца да канца года.

«Калі на біржы стала попыт на валюту будзе перавышаць яе прапанову, то гэта – тэндэнцыя да дэвальвацыі беларускага рубля», – тлумачыць прафесар эканомікі Барыс Жаліба.

Рэзкай дэвальвацыі адмыслоўцы сёлета не чакаюць

Дзякуючы маштабным пазыкам Беларусі за апошнія месяцы падушка бяспекі ад валютных страсенняў – золатавалютныя рэзервы – дасягнулі $ 6.5 млрд. Гэта найвышэйшы ўзровень за апошнія тры з паловаю гады. Але грошы гэтыя давядзецца неўзабаве аддаваць. Апытаныя намі адмыслоўцы прадказваюць, што рубель ізноў пачне спаўзаць у дачыненні долара да канца гэтага года.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат» Фота: 29palms.ru

Глядзі таксама
Каментары