Аб'ектыў 07.06.2018 Колькі ў Беларусі лішніх міліцыянтаў?


Міліцыянты ў нашай краіне могуць усё: гадзінамі стаяць і рабіць выгляд, што працуюць, біць людзей і рабіць выгляд, што гэта паводле закону. Для такой адказнай працы ў нас было багата сілавікоў, і нават, як цяпер высветлілася, забагата: кожны дзясяты міліцыянт – лішні.

Жыхары Менску кажуць:

«У нас іх зашмат з улікам таго, колькі іх сустракаеш увесь час, і з улікам таго, за кошт каго ды чаго яны працуюць».

«Няправільна, што скарачаюць, дабаўляць трэба – увечары на вуліцу страшна выходзіць».

«Я думаю, што трохі зашмат бязмежжа праз іх атрымліваецца».

«Калі праходзіць нейкая паставая служба, дакладна такі ж страх, як калі праходзіць неадэкватная кампанія – не ведаеш, чаго ад іх чакаць».

Цяпер працаўнікі органаў унутраных справаў падпалі пад скарачэнні. Як распавёў у Палаце прадстаўнікоў міністр унутраных справаў, зліквідавалі некаторыя падраздзяленні, у прыватнасці палкі патрульна-паставой службы. Але найбольш «дармаедаў у пагонах» было на кіроўных пасадах.

«Колькасць працаўнікоў органаў унутраных справаў у Беларусі ў сем разоў большая, чымся у той самай Швецыі. Таму ўжо па адным гэтым паказніку можна меркаваць, наколькі ў нас болей лішніх працаўнікоў міліцыі», – кажа праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Буйныя скарачэнні – гэта не ініцыятыва міністра, а загад Лукашэнкі, які назваў працэс «аптымізацыяй» і дзеля заахвочвання міністра паабяцаў зэканомленыя сродкі пакінуць у распараджэнні міністэрства для павелічэння заробкаў рэшце міліцыянтаў.

«Усё, што вы скароціце, застанецца ў вас, плюс я яшчэ ўдвая павялічу гэтую лічбу і дадам. Гэта значыць, зэканоміце 10 мільёнаў – атрымаеце 20», – казаў летась Аляксандр Лукашэнка.

Пакуль сілавікі атрымліваюць павышэнні, звычайныя людзі ад сілавікоў атрымліваюць дубінкаю. Гэтак надоўга запомняцца менчукам і гасцям сталіцы мінулыя выходныя на тусовачнай вуліцы Зыбіцкай – амапаўцы без прычыны затрымлівалі ды складалі пратаколы на тых, хто пастанавіў у кавярні адпачыць у свой выходны.

Жыхары Менску кажуць:

«Ну, хачу я ў кавярні пасядзець, выпіць келіх віна, чарку гарэлкі, я думаю, што гэта адпачынак, нічога ў гэтым страшнага няма».

«Калі ты сядзіш у кавярні – пі на здароўе, калі ў парку на зэдліку, то не надта – забаронена. А ў кавярні – чаму не выпіць?»

«Трэба іх перавыхоўваць, тлумачыць, як правільна сябе паводзіць з людзьмі, каб не было такога як цяпер: міліцыя думае, што яна вышэй за ўсіх».

Міністр жа ўнутраных справаў сказаў сёння журналістам, што ягоныя падначаленыя зрабілі ўсё дакладна і правільна.

«Мы правялі некаторыя мерапрыемствы ў дыягностыцы гэтага рэгіёну. Высновы гэтых нашых дзеянняў вам вядомыя. Я мяркую, што мы дзеялі ў межах сваіх паўнамоцтваў і кампетэнцыяў», – адзначае міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч.

З чым не згаджаюцца праваабаронцы, да якіх звярталіся пацярпелыя ад свавольства сілавікоў?

«Дакладна вядома, што гэтыя людзі не здзейснілі ніякіх супрацьпраўных дзеянняў. Нягледзячы на гэта, кіраўнік МУС не прыносіць прабачэнняў гэтым людзям, а наадварот, кажа, што гэта было нейкае загадзя спланаванае мерапрыемства для таго, каб… уласна без розніцы для чаго гэта было», – падкрэслівае Андрэй Бандарэнка.

Звычайным грамадзянам, што на сабе зазналі бязмежжа міліцыянтаў, застаецца спадзявацца, што са скарачэннем штату скароціцца і колькасць свавольных учынкаў сілавікоў.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары