Колькі рэзідэнцыяў хацеў бы мець Лукашэнка


Рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Колькі, дзе і за колькі? Ужо ажно 17. Апошняя ўсплыла напярэдадні каля вёскі Кукелеўшчына. Сядзіба мае 11 гектараў. І вось, як даведалася газета «Наша ніва», будынкі прададзеныя кіпрскаму афшору «Блатбэрг Холдынгз Лімітэт». Пра маёмасны размах кіраўніка Беларусі, продаж і перапродаж так, каб не падкапацца, у нашым відэаматэрыяле.

«Тут я часам хаваюся», – гэтак распавядаў у далёкім 1994 годзе Лукашэнка пра сваю першую сядзібу – дом у сённяшняй Александрыі. Сябра выбарчага штабу Лукашэнкі на ягоных першых выбарах Аляксандр Фядута ўзгадвае, што тады самога панятку «прэзідэнцкая рэзідэнцыя» не існавала – былі ўрадавыя пляцоўкі для прыёму высокіх гасцей

«Была ў Віскулях, вядома, што была перабудаваная пасля ўласна для прэзідэнта на Нарачы, ну і звычайнае лецішча, якое было ў Драздах. Гэтага з майго гледзішча – цалкам хапала», – мяркуе Аляксандр Фядута.

Сёння ж беларускаму лідару і шаснаццаці рэзідэнцыяў мала – прынамсі пра столькі сядзібаў Лукашэнкі журналісты ведалі да адкрыцця маёнтку пад Кукелеўшчынай. Гэта і сядзіба ў Ляскавічах, пра якую стала шырока вядома падчас візіту выканаўцы абавязкаў прэзідэнта Украіны Аляксандра Турчынава

Таксама гэта і рэзідэнцыя Заслаўе, дзе калісьці ставіў свой шацёр Муамар Кадафі, а цяпер косяць сена адныя замежныя акторы, пакуль іншых завозяць пад Дразды – пачаставаць моркваю. Высокія палітыкі часам госцяць у Александрыі, якая з 1994 года моцна змянілася.

Па агратурызм палітыкаў возяць і ў Азёрны – рэзідэнцыя ў Астрашыцкім гарадку – там у школу ходзіць Мікалай Лукашэнка. Пра новую ж сядзібу ў сямі кіламетрах ад мястэчка Шаршуны вядома няшмат.

«Калісьці ў ёй нібыта жыў расейскі алігарх Барыс Беразоўскі і вось некаторыя ягоныя каханкі ўзгадвалі, што вось пад Радашковічамі ёсць нейкая вёска, якую Беразоўскі ледзь не купіў цалкам. Але тады было незразумела, пра што ўвогуле гаворка. Але цяпер дзякуючы расследаванню «Белсату» удалося ўбачыць, асабліва цікава пабачыць з паветра, што гэта такое», – кажа намеснік галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягор Марціновіч.

Як даведалася «Наша Ніва», гэтыя адзінаццаць гектараў хоць і належаць Беларусі, іх на стагоддзе арандуе будаўнік аднаго з ангараў на менскім лётнішчы – расейская кампанія «СертусАвія». Будынкі ж на гэтай тэрыторыі былі пяць год таму прададзеныя таямнічай афшорнай кіпрскай кампаніі «Blattberg Holdings Limited». Прадавала ж дзяржаўную ўласнасць арганізацыя «Дыпсервіс», якой належыць большасць рэзідэнцыяў Лукашэнкі. Усё нібыта законна, але…

«Гэта можа быць цалкам законна. У свой час была прыватызацыя, у якой людзі цалкам законна набывалі заводы за капейкі. Законна? Законна. Справядліва – не, і калі так адбываецца, то надыходзіць час, калі народ вяртае справядлівасць на сваё месца», – адзначае лідар кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.

Так жа законна кіраўнік Беларусі карыстаецца і з менскіх рэзідэнцыяў – усім вядомага «Чырвонага Дому» і шыкоўнага навабуду Палацу незалежнасці. Ды яшчэ цэлага шэрагу афіцыйна аформленых як базы адпачынку і гатэлі пляцовак.

«Гэта сапраўды злуе людзей. І гэта тая несправядлівасць, якая прымушае людзей насамрэч у розных краінах сапраўды рухацца і выступаць супраць улады. Бо такога быць не павінна. Бо гэтая яшчэ адна рэзідэнцыя злуе людзей. Не таму, што яна 17-ая, а таму, што ў сённяшняй сітуацыі, улады павінныя былі б прадаваць, адмаўляцца да чагосьці», – працягвае Андрэй Дзмітрыеў.

Свайго часу адносна законна чатырнаццаццю рэзідэнцыямі валодаў і прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч. Да ягонага маёнтку можа цяпер дакрануцца кожны – хоць бы ў славутай рэзідэнцыі-музеі Межыгірʼе. Цяпер таксама – абсалютна законна.

Чытайце таксама:

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu