З якімі ж думкамі сустрэлі Раство простыя праваслаўныя вернікі?


Любіць адно аднаго, несці мір і дабро, быць незласлівымі і цярплівымі. Падчас святочнай прамовы мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел нагадаў вернікам запаветы Хрыстовы. Адзначыў, што «год быў складаны». Пра цяжкасці, якія давялося перажыць беларусам у 2017-ым, казаў сёння і Аляксандр Лукашэнка.

Адное з дванаццаці найважнейшых хрысціянскіх святаў. Беларускія вернікі, разам з іншымі праваслаўнымі свету, якія прытрымліваюцца юліянскага календара, адзначаюць Раство.

«Зямля і ўвесь чалавечы род атрымаў свайго збавіцеля. Які прыйшоў дзеля таго, каб самога сябе прынесці ў ахвяру за грахі ўсіх людзей. І ён гэта зрабіў. І таму, калі паспрабаваць апісаць кароткімі словамі самыя галоўныя пачуцці, якія кожны хрысціянін сёння адчувае – па-першае, гэта пачуцце радасці», – Сяргей Гардун, святар з менскага Свята-Духава кафедральнага сабору.

А таксама еднасці ды ўдзячнасці, адзначылі беларусы, якія наведалі галоўны праваслаўны сабор у цэнтры сталіцы.

Праваслаўныя вернікі з Менску:

«Для мяне Раство – гэта свята, калі прыходзіш у храм, калі думаеш пра нешта светлае, добрае, пра тое, што зроблена ў жыцці, што не зроблена, што будзе зроблена».

«Сямейнае свята – Раство. Сёння Новы год – сапраўдны Новы год».

«Чакаем на цуд. Вельмі хочацца, каб быў цуд, каб мы жылі ў міры, згодзе, каб было больш здаровых усё ж такі».

Праваслаўныя складаюць прыблізна восемдзесят адсоткаў ад усіх вернікаў Беларусі. Такія звесткі прыводзіць Нацыянальная акадэмія навук. Сярод іх – і сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД) Павел Севярынец з жонкаю.

«Для мяне асабіста нараджэнне Хрыстова – гэта ціхае і светлае свята. Свята, можа, быць, не гучнае, не такое яркае, але вельмі цёплае. Гэта нагода ацаніць, што Бог даў, за што можна падзякаваць яму ў мінулым годзе, што можна чакаць, да чаго падрыхтавацца ў годзе наступным», – кажа Севярынец.

Калі папярэднічаў Раству саракадзённы пост, то цяпер праваслаўных чакае дзесяць дзён Калядаў. Да сямнаццатага студзеня належыць не толькі бавіцца і радавацца, але і з большым імпэтам, чым увесь астатні год, займацца дабрачыннасцю.

Лола Бурыева, «Белсат»