Аб'ектыў 25.09.2018 Колькі беларусам засталося да 500?


Да абяцаных уладамі тысячы рублёў заробку беларусам застаецца не так і шмат – у жніўні нашыя суайчыннікі атрымлівалі ў сярэднім 987 з паловаю рублёў. З траўня заробкі раслі кожны месяц. Вось толькі калі пералічыць гэтую суму ў долары, то атрымаецца, што за мінулы месяц беларусы сталі атрымоўваць менш, чым у ліпені: 483 долары супраць 491-го. «Па 500» пакуль і не пахне.

«Даводзіць заробкі да нейкага ўзроўню заўсёды непажадана, бо, калі гэта не абгрунтавана эканамічна, абыдзецца вельмі дорага для ўсіх. Мы ўжо праходзілі гэта ў 2011-12 гадах і да сёння не далі рады з усімі праблемамі, якія пасля гэтага з’явіліся» – каментуе Леанід Фрыдкін, «Экономическая газета».

Заробкі ў Беларусі стабільна растуць яшчэ з пачатку года. Толькі ў адным месяцы – красавіку – было заўважана падзенне. Пры гэтым рэальны заробак беларусаў, які разлічваецца з улікам інфляцыі, сёлета ў жніўні вырас на адзінаццаць адсоткаў у параўнанні з аналагічным перыядам летась. Мы запыталі гомельцаў, ці пацяжэлі іхныя гаманцы:

«Рост коштаў – так, а заробкаў – на жаль, не».

«Нам павялічылі заробак і пры гэтым павялічылі колькасць гадзінаў. То бок тут незразумела: ці то нам далі больш працы, ці далі большы заробак».

«Калі сядзець на месцы ды не працаваць – заробак расці не будзе. Я працую».

«Увесь заробак выдаткоўваем на прадукты. А дапамагае нам апранацца і выглядаць больш-менш сімпатычна сэканд-хэнд».

«Выкручваемся пакуль як можам. Самыя нават пакуль не ведаем як».

Пры гэтым жыхары Гомельшчыны па выніках жніўня саступаюць у сярэдніх заробках толькі Менску і Менскай вобласці. У мінулым месяцы, калі верыць статыстыцы, тут зарабілі ў сярэднім больш за 892 рублі. Віцебшчына, якая доўгі час была аўтсайдарам у такіх рэйтынгах, паднялася крыху вышэй, а вось найменш цяпер зарабляюць жыхары Магілёўскай вобласці – усяго 833 рублі.

«Ува ўсіх сёння рэгіёнах вельмі кепска з заробкам. Асабліва ў раённых цэнтрах, дзе няма заробку. Чаму людзі і зʼязджаюць – у Расеі, у Польшчу, іншыя. Быў бы тут заробак… Вось уладзе трэба думаць, як вярнуць прафесіяналаў, якія зʼехалі за мяжу» – распавядае Генадзь Фядыніч, старшыня прафсаюзу РЭП.

А каб людзі не зʼязджалі ды вярталіся на радзіму, адмысловец мяркуе, што патрэбныя не толькі добрыя заробкі, але і прымальныя ўмовы працы. Што ж да годнага заробку, то тут дзеюць простыя законы эканомікі: для пачатку гэтыя грошы дзяржава мусіць зарабіць, каб вярнуць іх людзям. Апошнім дасягненнем, што праўда, Беларусі пакуль пахваліцца цяжкавата.

Віталь Бабін, belsat.eu

Фота: REUTERS / Susana Vera / FORUM

Глядзі таксама
Каментары