КНДР выпрабоўвае цярплівасць сусветнай супольнасці


Новыя выпрабаванні ў адказ на санкцыі. Паўночная Карэя другі раз запусціла міжкантынентальную балістычную ракету, якая, паводле ацэнак адмыслоўцаў, праляцела каля тысячы кіламетраў і ўпала ў Японскае мора. Дзяржаўнае паўночнакарэйскае тэлебачанне назвала гэты запуск «жорсткім папярэджаннем для ЗША».

«Вярхоўны лідар з гонарам кажа, што праз гэтае выпрабаванне надзейнасць нашай сістэмы міжкантынентальнай балістычнай ракеты пацвердзілася, дэманструючы нашую здольнасць атакаваць ворагаў у любы час і з любога месца. Выпрабаванне даказвае, што мы можам нанесці ўдар па якой заўгодна кропцы Злучаных Штатаў Амерыкі», – заявіла дыктарка паўночнакарэйскага дзяржаўнага ТБ.

Агульны палёт ракеты Hwasong-14 склаў каля 45-ці хвілінаў. Паводле Пхеньяну, яна здолела падняцца на вышыню больш за тры тысячы кіламетраў. Старт новай ракеты супаў з ухваленнем Кангрэсам ЗША новага пакету эканамічных санкцыяў супраць Пхеньяну. Акрамя гэтага, з 27-га ліпеня ўлады ЗША забаранілі сваім грамадзянам наведваць Паўночную Карэю.

Жыхары Паўночнай Карэі кажуць:

«Цікава, што ЗША думаюць цяпер. Існуе прымаўка, якая гучыць прыкладна наступным чынам: «Бог можа дараваць вам гнеў, але не гнеў, які стаўся прычынай граху». Цяпер ЗША мусяць пабачыць рэальнасць санкцыяў, пра якія яны казалі ўголас».

«Ракета, якая дасягнула вышыні больш за тры тысячы кіламетраў, нагадвае вышыню годнасці нашага народу, які імкнецца наперад, мінаючы страх».

Белы дом чакана асудзіў чарговыя выпрабаванні Пхеньяну, а Сеул анансаваў размяшчэнне ў краіне дадатковых установак амерыканскай супрацьпаветранай абароны. Раніцай абаронныя ведамствы ЗША і Паўднёвай Карэі правялі супольныя вучэнні, запусціўшы з усходняга ўзбярэжжа краіны ракеты блізкай дальнасці.

«Аналіз, які мы цяпер праводзім разам з ЗША, паказвае, што існуе небяспека, бо Пхеньян значна прасунуўся ў тэхналогіі вытворчасці міжкантынентальных балістычных ракетаў», – кажа кіраўніца МЗС Паўднёвай Карэі Кхёнг Ўа Кханг.

Аднак большасць адмыслоўцаў згаджаюцца, што паўночнакарэйскія ракеты маюць вельмі нізкую дакладнасць трапляння ў мэту, а тэхналогіі пакуль не дайшлі да стварэння ядравай боегалоўкі, якой можна было б абсталяваць ракету далёкага дзеяння.

Пхеньян рэгулярна выпрабоўвае цярплівасць сусветнай супольнасці – апошні запуск ракеты стаў 14-ым у серыі выпрабаванняў з пачатку года, якія праводзіліся, нягледзячы на рэзалюцыю ААН. Што праўда, Кітай і Расея па-ранейшаму рэагуюць на старты стрымана, што ўсё больш непакоіць Вашынгтон, які ўскладае адказнасць на гэтыя краіны за нарошчванне ядравага і ракетнага патэнцыялу КНДР.

Віталь Бабін, belsat.eu