«Клубнічных баронаў няма». Як шматдзетная сям’я выжывае на ягадах


Не толькі піць ягадны кактэйль, але і дапамагаць збіраць клубніцы любіць маленькі Дзіма, які гадуецца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу ў вёсцы Язвінкі. Агулам у сямʼі Наталлі і Міхаіла Морза дзевяць дзяцей. На лета шмат хто з іх разʼехаўся ў санаторыі, і муж з жонкай выкарыстоўваюць вольны час, каб падзарабіць на трускаўках. Пяць-шэсць сотак – на большае не хапае ані сілаў, ані часу.

«Калі я першы раз засейваю, і прашу дапамагчы дзетак, пасля іх больш няма клубніцы. Даводзіцца засейваць па-новаму. Таму мы шмат не бярэм. Бярэм столькі, колькі можам апрацаваць. Калі не паспяваем апрацаваць, то перапахаваем, засейваем травой. Ну… адзін заробак мы заўсёды маем. Гэта добрая падтрымка», – сведчыць спадарыня Наталля Морза.

Збіраць клубніцы дзяцей ніхто не гоніць

Але гадаванцы самі маюць ахвоту крышку падзарабіць на марозіва і чыпсы. За кілаграм ягадаў перакупнікі даюць 30-80 капеек, дзяржаўныя нарыхтоўчыя пункты – па 50-60.

У Язвінках, кажа сямʼя Морза, клубнічным бізнесам займаецца шмат хто. Як і ў суседніх вёсках. За сезон у сярэднім можна зарабіць $ 2-3 тыс. Але, каб ягада ўрадзіла добрая, працаваць на зямлі трэба круглы год. Ды і плошчу пасеву трэба павялічваць.

«Клубнічных баронаў няма. Калі бачыце дабротны дом – клубніца гэта плюс, але ў асноўным Масква. Там сапраўды зарабляюць, а гэта што?», – падкрэслівае спадарыня Морза.

На адныя трускаўкі сямʼя Морза не разлічвае

Гэтак, спадарыня Наталля яшчэ працуе настаўніцай пачатковых класаў. А пакуль растуць ягады, якія прыносяць дадатковыя грошы ў сям’ю, растуць і іхныя дзеці, якія нават пасля выхаду ў дарослае жыццё не забываюцца на сваіх бацькоў і дапамагаюць ім у гаспадарцы.

Віталь Бабін, «Белсат» Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum