Кітайцы абмяркоўваюць візіт Колі Лукашэнкі


Бязвізавы рэжым паміж Кітаем і Беларуссю – гэта не адзіны вынік візіту беларускай дэлегацыі ў Кітай.

Краіны падпісалі пагадненне аб тэхніка-эканамічнай дапамозе, паводле якой нашая краіна атрымае ад кітайскага ўраду $ 125 млн на тэхнапарк, стадыён і басейн. Кітай нам вылучыць таксама чарговы крэдыт.

Кітай умее прыцягнуць увагу ўсяго свету: і важнай падзеяй – самітам Шанхайскай арганізацыі супрацы, і светлавым шоу з нагоды сустрэчы палітычных лідараў.

У першых шэрагах за грандыёзным шоу назіралі прэзідэнт Кітаю ды ягоныя госці, сярод якіх, як бачым, прэзідэнты Расеі, Таджыкістану, прэм’ер-міністр Індыі, кіраўнік Беларусі… і проста Коля Лукашэнка.

Навошта няпоўнагадоваму Колю атрыбуты ўлады, ведае дасведчаны палітык, некалі паплечнік, а цяпер апанент Лукашэнкі Анатоль Лябедзька.

«Ён хацеў бы, каб калі прыйдзе гэты час – перадаць камусьці ўладу, то гэта не ягоны старэйшы сын, не сярэдні сын, а менавіта Мікола. Гэта ягоная мара, праект, на які ён рэальна працуе», – кажа Анатоль Лябедзька.

Пакуль Лукашэнкі над гэтым працуюць, беларусы з гэтага абураюцца.

Але тое, што не падабаецца беларусам, падобна, выклікае захапленне кітайцаў. У мясцовых сацыяльных сетках, як сцвярджаюць, розныя крыніцы, інфармацыя пра «залатога прынца» цешыцца вялікай папулярнасцю.

«Гэта ўсё выглядае вельмі незвычайна, таму для кітайцаў гэта вельмі цікава. Але для спажывання кітайскага – гэта добра, для дыпламатыі – гэта анамалія», – заўважае былы супрацоўнік МЗС Валерый Кавалеўскі.

Анамальныя для ўсяго свету, а для беларускай дэлегацыі такія паводзіны звычайныя, бо не ўпершыню кіраўнік краіны парушае дыпламатычныя правілы.

«Першы скандал быў, калі Аляксандр Рыгоравіч паехаў у Францыю і ён захацеў, каб побач з ягонымі пакоямі быў пакой акурат асабістага лекара – спадарыні Абельскай. Але гэта супярэчыла дыпламатычнаму этыкету. І быў скандал паміж тагачасным міністрам замежных справаў Сянько і Аляксандрам Лукашэнкам, адзін казаў, што гэта не прынята, але Аляксандр Рыгоравіч сказаў: «што значыць не прынята? Я так хачу!», – працягвае Анатоль Лябедзька.

Акрамя таго, што ўвядзенне няпоўнагадовага сына ў палітычныя справы непрынятае, дык яшчэ і можа пагражаць бяспецы краіны.

«Гэта супярэчыць правілам вядзення палітыкі, супярэчыць Канстытуцыі. Напрыклад, Мікалай Лукашэнка не павінен мець доступу да сакрэтных дакументаў, да нейкіх дадзеных, якія праходзяць пад грыфамі сакрэтнасці. Тым не менш ён удзельнічае ў гэтай працы», – кажа Валерый Кавалеўскі.

Удзельнічае Мікалай Лукашэнка не толькі ў працы. На банкеце, які завяршаў работу саміту, пачэснае месца заняў 13-гадовы беларускі школьнік. Такія ў нас вундэркінды!

Фотаздымак прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі