КДБ завербаваў Пальчэўскага. Паплечнікі падтрымалі актывіста


Фігурант справы «Белага Легіёну» трапіў за краты сёлета 21 сакавіка

Яго вызвалілі ўжо на пачатку красавіка і дагэтуль Пальчэўскі застаецца ў статусе абвінавачанага ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў», якія дэ-факта не адбыліся. Сёння ж ён адкрыта заявіў пра тое, што пад час свайго зняволення быў вымушаны падпісаць паперу аб супрацы з КДБ

«Зважаючы на шантаж і тое, што я не вёў ніякай злачыннай дзейнасці, не ведаю ніякіх сакрэтаў – я вырашыў даваць паказанні. Пасля таго, як мы паразмаўлялі прыватна, гэбэшнікі загадалі паўтарыць усё гэта пры адвакаце і далі мне на подпіс падпіску аб супрацы. Пад псеўданімам «Артур» я падпісаў супрацу з КДБ, разважаючы аб тым, што па вызваленні прызнаюся аб гэтым маім сябрам», – распавёў актывіст.

Чым пагражалі?

Сяргей Пальчэўскі зазначыў, што чэкісты пагражалі пасадзіць актывіста ў камеру, дзе яго згвалцяць, ды распачаць крымінальную справу за здзейсненае раней ДТЗ. Праваабаронцы ж раяць усім, хто сутыкнуўся з падобным ціскам – пагаджацца на супрацу і браць прыклад з Пальчэўскага, або з экс-кандыдата на прэзідэнты Алеся Міхалевіча. Той пасля катаванняў таксама падпісаў падобную дамову, ад якой пасля адмовіўся, калі выехаў за мяжу. Юрыдычна ж КДБ не можа мець прэтэнзіяў да такой асобы.

«Можна нічога не баяцца, ніхто нічога потым не прадʼявіць і не зробіць. Як правіла, пасля такой агласкі, яны будуць намагацца не кранаць такую асобу. І я думаю, што трэба нашай дэмакратычнай грамадскасці падумаць пра тое, як абараняць такіх людзей», – тлумачыць праваабаронца Алег Волчак.

У падтрыманне Пальчэўскага выступілі ягоныя паплечнікі з Маладога Фронту

А іншы сябра арганізацыі Мікалай Дземідзенка распавёў, што таксама падпісаў падобнае пагадненне з КДБ у лютым 2011 года, калі ўлады раскручвалі справу аб паслявыбарчых закалотах. За гэта чэкісты меліся вызваліць Насту Дашкевіч, якая тады таксама знаходзілася ў турме. Яшчэ адзін фігурант той справы і экс-кандыдат на прэзідэнта Алесь Міхалевіч узгадвае, што ў прыватнасці ён спачатку спазнаў катаванні, а толькі потым атрымаў такую прапанову.

«Больш, як праз месяц, ці праз паўтары месяцы калі я пачаў у выніку размаўляць з супрацоўнікамі КДБ, было сказана вельмі проста, што адзіны спосаб для мяне выйсці – гэта падпісаць паперу аб супрацы і стаць агентам КДБ. Я падпісаў гэтую паперу, бо хацеў распавесці пра ўсё тое, што там творыцца, пра тое, што з намі рабілі», – сведчыць спадар Міхалевіч.

Пасля Міхалевіч пакінуў Беларусь

А на прэсавай канферэнцыі распавёў і пра катаванні ў СІЗА КДБ і пра няўдалую пробу яго вярбоўкі. Цяпер жа юрыст і палітык нагадвае, што дакументы падпісаныя ў КДБ маюць моц толькі там, іншая справа, што чэкісты могуць працягнуць ціск ужо не зусім прававым чынам

«Безумоўна, як КДБ помсціла мне, калі я зʼехаў за мяжу, так КДБ хутчэй за ўсё будзе помсціць Пальчэўскаму, але з прававога гледзішча гэта не мае ніякай сілы, – дадаў былы экс-кандыдат у прэзідэнты».

Сам Сяргей Пальчэўскі пасля свайго прызнання недасяжны для журналістаў і ягонае месца знаходжання не вядомае.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»