КДБ пагражае студэнту Вадзіму Бабіну за палітычную актыўнасць


12-ая гадзіна дня, Менскі дзяржаўны тэхналагічны каледж. У трэцякурсніка Вадзіма Бабіна ішла пара па інфарматыцы. Раптам студэнта выклікалі ў кабінет дырэктара, дзе яго ўжо чакаў працаўнік спецслужбаў.

Сам студэнт кажа, што мэта такой размовы была адзіная – запужаць яго, каб спыніць грамадскую актыўнасць.

«Ён мне сказаў – пакуль ты вучышся, стаў сваё сяброўства ў Руху «За свабоду» на паўзу. Бо цябе адлічаць», – узгадвае Вадзім Бабін.

Гэткія словы адмаўляе дырэктар каледжу Мікалай Цірэльчук. Кіраўнік навучальнай установы пацвердзіў, што гутарка працаўніка КДБ з Бабіным адбылася ў ягонай прысутнасці, аднак заявіў, што размова мела выключна прафілактычны характар – каб студэнт не прагульваў заняткаў.

У самым жа Руху ціск з боку КДБ на свайго актывіста звязваюць з удзелам Бабіна ў парламенцкай кампаніі ў якасці назіральніка. Кіраўніцтва арганізацыі гатовае абараняць свайго сябра ўсімі дасяжнымі метадамі, у тым ліку зваротамі беспасярэдне ў навучальную ўстанову, Міністэрства адукацыі, пракуратуру, Дзяржкантроль, а, калі і гэта не дапаможа, – у міжнародныя структуры, кажа сябра Руху Алесь Славінскі.

Практыка ціску з боку КДБ на грамадскіх актывістаў у Беларусі ўжо даўно стала традыцыйнаю. Пры гэтым часцей на такія размовы ў сценах ВНУ і каледжаў трапляюць простыя студэнты, на якіх лёгка можна націснуць простымі рэчамі – пазбавіць месца ў інтэрнаце ці нават выключыць з навучальнай установы за нязданы залік ці прапушчаныя пару заняткаў.

Віталь Бабін, «Белсат»