Катастрофа з беспрацоўем: кожны дзясяты – «дармаед»


Актыўна шукаю працу, гатовы прыступіць у любы момант, але ўсцяж яе не маю. У гэткай сітуацыі, паводле Белстату, у Беларусі летась было 300 тысяч чалавек. Прычым у цэнтрах занятасці з іх быў зарэгістраваны толькі кожны пяты. Агулам рэальнае беспрацоўе, паводле афіцыйнай статыстыкі, складала летась у Беларусі 5 адсоткаў ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Яшчэ каля 70 тысячаў беспрацоўных у эканамічна актыўнае насельніцтва не залічваюцца, бо не шукаюць працы – не бачаць неабходнасці або адчаяліся.

Сёлета сітуацыя мела палепшыцца

Эканоміка спыніла сваё падзенне, а прамысловая вытворчасць вырасла на 6 %. Увесну ўлады разгарнулі маштабную кампанію для працаўладкавання насельніцтва.

Першага траўня міністр працы Ірына Касцевіч рапартавала: даручэнне ў зададзены тэрмін выканалі. «Мы дайшлі да кожнага чалавека. Хто хацеў, хто мог – той знайшоў працоўнае месца», – зазначыла яна.

Афіцыйную лічбу паставіў пад сумнеў Аляксандр Лукашэнка

Паводле яго, лічба 300 тысячаў беспрацоўных, якую афіцыйная статыстыка называе па выніках мінулага года, – або заніжаная амаль удвая, або з тых часоў настолькі вырасла. Адметна, што ягоная ацэнка супадае з ацэнкаю незалежных прафсаюзаў.

Сыходзячы з лічбы, названай кіраўніком краіны (540 000 асобаў), рэальнае беспрацоўе ў Беларусі цяпер складае 12,5 %. Калі гэта адпавядае рэчаіснасці, то гэта – найвялікшы паказнік сярод усіх нашых суседзяў Незалежныя прафсаюзы канстатуюць: стварэнню працоўных месцаў перашкаджае неспрыяльны дзелавы клімат.

Кіраўнік Беларусі стварыў працоўную групу дзеля дзелавой ініцыятывы ў краіне

Але, паводле старшыні Канфедэрацыі прадпрымальнікаў Уладзіміра Карагіна, бальшыню істотных прапановаў, выпрацаваных бізнес-супольнасцю, улады праігнаравалі або адклалі іх разгляд.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum