«Касцюшка НАШ»: рэпартаж з адкрыцця помніка нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША


Беларусы могуць і самі. Грамадой сабралі сродкі, атрымалі ўсе дазволы, усталявалі першы ў Беларусі помнік сыну беларускай зямлі, нацыянальнаму герою Беларусі, Польшчы і ЗША Тадэвушу Касцюшку. Урачыстае адкрыццё адбылося ў месцы, дзе нарадзіўся наш знакаміты зямляк.

«Выдатнаму сыну Беларусі ад удзячных суайчыннікаў». Нарэшце беларусы ўсталявалі першы помнік Тадэвушу Касцюшку.

Збіралі сродкі з дапамогаю краўдфандынгу. Улады далі ўсе дазволы. Урачыстае адкрыццё адбылося ў Мерачоўшчыне, прысутнічалі ахвярадаўцы і ганаровыя госці з Беларусі ды замежжа. Ідэя ўсталявання помніку паўстала пасля скандалу, што ўзнік у Залатурне, дзе беларуская дыяспара ў Швейцарыі да 200-годдзя смерці Касцюшкі ўсталёўвала скульптуру, а польская амбасада Швейцарыі стала дабівацца, каб на помніку не было надпісу: Выдатнаму сыну Беларусі ад удзячных суайчыннікаў.

«Алесь Сапега паставіў помнік у Швейцарыі, і мы пачалі ныць, што нейкія праблемы, камусьці нейкая шыльда не падабаецца. Самае канструктыўнае, гэта не ныць, а рабіць. І тут я падумаў: Божа, у Беларусі няма ніводнага помніку Касцюшку. Такая магчымасць, такі момант! Людзі на ўздыме, усе кажуць, «Касцюшка НАШ!!! У нас ніхто не забярэ Касцюшкі!» – «Давайце 5, 10, 15 рублёў. Касцюшка наш, вось у што гэта вылілася», – кажа ініцыятар стварэння помніку Глеб Лабадзенка.

Тадэвуш Касцюшка – кіраўнік вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай, браў удзел у вайне за незалежнасць Злучаных Штатаў.

«Вельмі ганаруся Тадэвушам Касцюшкам, што ён сусветны герой і нарадзіўся ў нашым гарадку. І хрысціўся ў нашым касцёле, у якім хрысцілася я», – кажа жыхарка Косава Ліякадзія Гурцэвіч.

«Тадэвуш Касцюшка павінен заняць пачэснае месца ў нашым нацыянальным пантэоне. Пры тым, што ён герой і Польшчы, герой ЗША. Гэта такая асоба Свету», – распавядае Андрэй Варабей з клубу гістарычных рэканструктараў «Рубеж».

Помнікі легендарнаму генералу стаяць у Кракаве, Лодзі, Залатурне, Бостане, Вашынгтоне, Дэтройце, Чыкага ды іншых гарадах. У Беларусі ж дагэтуль былі толькі бюсты Касцюшкі на тэрыторыі амерыканскай амбасады ў Менску ды ў вёсцы Малыя Сяхновічы Жабінкаўскага раёну. Самая высокая гара ў Аўстраліі, выспа на Алясцы, горад у Місісіпі, а таксама плошчы, вуліцы, паркі, розных краінаў свету названыя ў гонар Касцюшкі, на радзіме ж усяго некалькі вуліцаў носяць ягонае імя.

«Вось такія падзеі, як сённяшняе адкрыццё помніку, настройваюць на пазітыўны лад. Помнікаў хочацца больш. Больш вуліцаў Касцюшкі, больш Касцюшкі ў нашым жыцці», – прапануе грэка-каталіцкі святар з Горадні айцец Андрэй Крот.

«Беларусы пачалі пераасэнсоўваць, хто такі Касцюшка і дзе яны, нацыянальныя героі. Што нашая нацыянальная гісторыя пачынаецца не з Другой сусветнай. І прыйдзе час, што мы будзем вывучаць не дзве старонкі, а цэлыя кнігі, лекцыі ды хадзіць на іх», – мяркуе Алесь Сапега з аб’яднання «Беларусы Швейцарыі».

Скульптуру адлілі ва Украіне паводле праекту беларускага скульптара Геніка Лойкі. Імёны ахвярадаўцаў будуць захоўвацца ў музеі.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»