«Карусель», апатыя, фарс: гэта была адна з найгоршых выбарчых кампаніяў


Такою высноваю падвялі вынікі галасавання адразу тры ініцыятывы па назіранню за выбарамі. Меркаванні незалежных назіральнікаў несуцяшальныя. Выбарчую сістэму неабходна рэанімаваць. І гэта пры тым, што на першых этапах кампаніі: у часе збору подпісаў і агітацыі, асаблівых заўвагаў і крытыкі не было. А далей, як кажуць, пачалося.

На самым пачатку выбарчай кампаніі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паабяцала, што выбары ў мясцовыя саветы будуць стэрыльныя. Паводле назіральнікаў, атрымалася наадварот. Мясцовыя выбары, якія раней праходзілі амаль у фонавым рэжыме і ледзь заўважна, атрымаліся ці ня самымі бруднымі за апошні час.

Маніпуляцыі з яўкаю выбарнікаў, непразрысты падлік галасоў, актыўнае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу – усе гэтыя атрыбуты выбары 18 лютага акумулявалі максімальна. Сваймі ўражаннямі ад галоўнага дня галасавання падзялілася былая кандыдатка ў дэпутаты Вольга Беляўцова. Яна балатавалася ў Бараўлянскі Сельскі савет і, паводле яе, галоўныя маніпуляцыі рабілі мясцовыя лекары.

«Мы бачылі, як нашыя дарагія лекары, бяруць урны для галасавання, вешаюць таблічку каранцін, сыходзяць і праз 20 хвілін прыносяць вялізную колькасць бюлетэняў, якія яны пазбіралі ў цяжкіх хворых», – кажа экс-кандыдатка Вольга Беляўцова.

Адзін з каардынатараў кампаніі назірання «За справядлівыя выбары» лідар партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін заўважае, што ў Менску, паводле ЦВК, яўка склала 65 %, насамрэч не было і 30. Гэта бачна было па ўчастках, якія былі абсалютна пустыя, кажа ён.

«Улады таксама вучацца. Раней не было назіральнікаў ад праўладных структураў, сёння яны з’явіліся, яны нічога не назіраюць, а супрацьдзеяць назіранню апазіцыйных кандыдатаў, з’явіліся новыя тэндэнцыі ў нейтралізацыі працы асобаў у камісіях, якіх вылучаюць апазіцыйныя партыі», – мяркуе Калякін.

Таксама назіральнікі звярнулі ўвагу на тое, што прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчых камісіях было менш за 1 адсотак. А назіральнікі маглі бачыць, як звычайна, толькі спіны чальцоў камісіяў і то не бліжэй як 6 метраў ад месца падліку галасоў.

«Улічваючы што ў нас рэальнага самакіравання ў краіне няма і людзі гэта выдатна разумеюць цікавасць да выбараў была нізкая. Мне здаецца, што для ўладаў было важна паказаць, што грамадзяне падтрымліваюць выбары, яны не могуць паказаць што яўка меншая чым на папярэдніх выбарах. Яны ў пэўным сэнсе закладнікі сітуацыі», – кажа прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч.

Каардынатар кампаніі ад Беларускага хельсінкскага камітэту Алег Гулак кажа: сярод патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ад руху «За свабоду» не былі зарэгістраваныя 40 %. Падобная сітуацыя і з кампаніяй «Гавары праўду», дзе доля незарэгістраваных склала 39 % прадстаўнікоў кампаніі. Большасць жа тых, хто трапіў у бюлетэні, нават не збіраліся агітаваць за сябе.

«90 % кандыдатаў не стварыла выбарчых фондаў, гэта значыць, па вялікім рахунку, яны не збіраліся рабіць агітацыі. І гэта выглядае дзіўна, калі кандыдат ідзе на выбары, але не збіраецца агітаваць», – адзначае Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэту.

Але найбольш яскравым доказам таго, што ўлады баяцца мінімальнай галоснасці працэдуры правядзення выбараў, стала збіццё і арышт аператара «Белсату» Андруся Козела, які ўчора рабіў онлайн-трансляцыю з аднаго з выбарчых участкаў. На гэтыя падзеі адрэагаваў віцэ-міністр замежных справаў Польшчы Барташ Ціхоцкі.

«Я абураны брутальным збіццём і арыштам Андрэя Козела, даверанай асобы аднаго з кандыдатаў на мясцовых выбарах, якія адбываюцца ў Беларусі. Я размаўляў з Аляксеем Мінчонкам з тэлеканалу Белсат пра стан здароўя Козела, выказаў яго жонцы словы салідарнасці», – напісаў у «Twitter’ы» віцэ-міністр МЗС Польшчы.

Гледзячы з уступных спісаў тых, хто прайшоў у Менскі гарадскі савет дэпутатаў і аблсаветы, улады зрабілі стаўку на бізнесоўцаў і цалкам адмовіліся ад меркавання ад палітычнай альтэрнатывы. Шэраг назіральнікаў ужо назвалі вынікі нядзельных выбараў канцом лібералізацыі.

АН, «Белсат»