«Канвеер крывадушша». Суддзя канфіскавала ўсю тэхніку і дала штраф аператару «Белсату»


Настасся Папко з Першамайскага раённага суду прысудзіла нашаму калегу Алесю Сілічу штраф памерам 35 базавых велічыняў з канфіскацыяй апаратуры.

Выкарыстанне таварнага знаку «Белсат» – справа, якая асабліва не дае спакою нашаму тэлеканалу цягам апошняга года. Чарговае паседжанне, што адбылося ў судзе Першамайскага раёну Менску, скончылася не на карысць аператара Алеся Сіліча. Яго прызналі вінаватым у парушэнні аўтарскіх правоў Андрэя Белякова – уладальніка кампаніі з сугучнаю назвай «БЕЛСАТ плюс».

«Нагадвае такі, я б сказаў, канвеер крывадушша, такі канвеер, пад які падпадаю сёння я, учора Любянчук, Баразенка, заўтра нехта іншы. Гэта ўсё робіцца па камандзе зверху, таму што проста хочуць заткнуць рот у гэтай краіне свабодным медыям», – кажа журналіст і аператар нашага каналу Алесь Сіліч.

Суддзя Настасся Папко прысудзіла Сілічу штраф памерам 35 базавых велічыняў (Br 857,5). Да пакарання дадалі і канфіскацыю працоўнага абсталявання. У сувязі са справаю пра таварны знак «Белсат» штрафы і канфіскацыю зазналі таксама Алесь Любянчук і Аляксандр Баразенка.

Летась падчас ператрусаў з менскіх офісаў нашага тэлеканалу працаўнікі аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі вынеслі працоўную апаратуру. Пазней жа на ёй з’явіліся налепкі з лагатыпам «Белсат», што дало падставу далучыць тэхніку да справы.

«Сам спадар Белякоў хутчэй за ўсё не зацікаўлены ў гэтым, а проста яго выкарысталі ўлады дзеля таго, каб мець юрыдычную падставу, хаця яна таксама сумнеўная, дзеля таго, каб зрабіць нешта непрыемнае нашаму каналу», – кажа намеснік дырэктара па інфармацыі «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Андрэй Белякоў, уладальнік кампаніі «Белсат плюс», што спецыялізуецца на продажы спадарожнікавага абсталявання, упершыню падаў пазоў у суд за нібыта незаконнае выкарыстанне нашым тэлеканалам таварнага знаку «Белсат» яшчэ ў 2013-ым годзе. Тады праз абскарджанне ў Вярхоўным Судзе справу выйграў. Нанова гэткія ж прэтэнзіі ў Андрэя Белякова ўзніклі толькі праз чатыры гады.

«Я думаю, што гэта звязана перадусім з тым, каб, па-першае, напалохаць нашых калег, па-другое, канфіскаваць апаратуру. З чым мы маем дачыненне ўвесь час нашага існавання. Няма апаратуры, няма камеры, запалоханы аператар, няма здымкаў для тэлеканалу, і няма чаго паказаць», – дадае Дзікавіцкі.

Суд Алеся Сіліча дазволіў сканфіскаваць апошнюю тэхніку, што праходзіла ў справе – відэакамеру, два ноўтбукі і сістэмны блок. Раней у справе суддзя пастанавіла сканфіскаваць тэхніку на агульную суму прыблізна 20 тысяч еўраў. Тым часам па ўсёй краіне журналісты зазнаюць і іншы пераслед: за працу без акрэдытацыі.

Прадстаўнік «Белсату» у Беларусі Аляксей Мінчонак лічыць, што ўжыць гэты артыкул можна толькі выключна да юрыдычнай асобы, ці канкрэтна да таго супрацоўніка, які прыняў рашэння пра выхад гэтай інфармацыі ў эфір, але, суды на гэта ўвагі не звяртаюць, і прыцягваюць да адказнасці проста фізічных асобаў.

Толькі летась журналістаў нашага тэлеканалу аштрафавалі больш як на $ 25 000. З пачатку года сёлета сума штрафаў журналістам «Белсату» склала ўжо амаль Br 8 000.

Юлія Лабанава