Кангрэс ЗША мае намер перашкодзіць Трампу адмяніць антырасейскія санкцыі


Амерыканскія сенатары запэўніваюць, што антырасейскія санкцыі застануцца, нават калі новаабраны прэзідэнт выступіць за іх адмену. Тым часам уласна дзеянне санкцыяў – навідавоку: у Расею вярнуліся высланыя з ЗША дыпламаты, якіх Вашынгтон назваў выведнікамі.

Сёння ў Расею вярнуліся 35 працаўнікоў дыпламатычнай місіі Расеі, якіх Барак Оўбама напярэдадні Новага года абвесціў персонамі нон-грата ў Злучаных Штатах.

Нягледзячы на тое, што абраны прэзідэнт Доналд Трамп неаднаразова заяўляў, што не выключае адмены санкцыяў супраць Расеі, Кангрэс ЗША рашуча заяўляе пра намер працягваць абмежавальную палітыку. Пра гэта сёння ў інтэрвʼю АВС заявіў чалец Палаты прадстаўнікоў ад Дэмакратычнай партыі Эдам Шыф, адзначыўшы, што ўведзеныя 29 снежня санкцыі носяць сімвалічны характар, іх недастаткова.

«Мы мяркуем, што неабходна зрабіць больш. Шчыра кажучы, мы ў Кангрэсе не думаем, што зробленых захадаў дастаткова для стрымлівання Расеі. І ў далейшым вы ўбачыце сурʼёзнае падтрыманне з боку абедзвюх партыяў, накіраванае на ўзмацненне санкцыяў», – сказаў кангрэсмэн ЗША Эдам Шыф.

Адначасова за ўзмацненне санкцыяў выказваюцца і сенатары-рэспубліканцы Джон МакКейн і Ліндзі Грэям, якія цяпер ездзяць па суседніх з Расеяй краінах. У часе двухдзённага візіту ў Грузію, гэтак жа, як і ў часе пераднавагодняга візіту ў краіны Балтыі ды Украіну, аднапартыйцы Доналда Трампа запэўніваюць, што стаўленне Вашынгтону да Масквы пры новым прэзідэнце не зменіцца.

«Цалкам відавочна, што Расея напала на ЗША. Мы будзем працаваць у Кангрэсе над увядзеннем больш жорсткіх санкцыяў, каб перадухіліць далейшыя напады на Злучаныя Штаты Амерыкі. І мы будзем працаваць у двухпартыйнай аснове для дасягнення гэтай мэты», – кажа кангрэсмен ЗША Джон Маккейн.

Доналд Трамп не хавае сваіх намераў паляпшаць адносіны з Расеяй ды не выключае адмены санкцыяў. Перад Новым годам на пытанне рэпарцёра пра расейскія хакерскія напады на ЗША абраны прэзідэнт адказаў, што інфармацыю трэба старанна правяраць. Бо аднойчы спецслужбы ўжо дапусцілі катастрофу, заявіўшы аб наяўнасці зброі масавага паражэння ў Іраку, яе ж там не было.

29 снежня існы прэзідэнт Барак Оўбама ўвёў шэраг новых санкцыяў супраць Расеі, матывуючы абмежаванні ўмяшаннем у прэзідэнцкія выбары ў Амерыцы.

Алесь Яшчанка, Ігар Віняўскі belsat.eu