Канфлікт паміж Захадам і Расеяй абвастраецца. Што будзе з Беларуссю?


Ракетны ўдар заходняй кааліцыі па Сірыі, санкцыі Злучаных Штатаў у дачыненні Расеі – канфрантацыя паміж Захадам і Крамлём робіцца ўсё больш вострай. Наступствы не абмінаюць і Беларусь. Якую пазіцыю займаюць улады Беларусі і да чаго рыхтавацца ў бліжэйшай будучыні.

Міністэрства замежных справаў Беларусі ў сваёй афіцыйнай заяве асудзіла ўдар войскаў кааліцыі па Сірыі. Што гэта – пачатак канфрантацыі з Захадам або чарговая спроба атрымаць прэферэнцыі ад Расеі за лаяльную рыторыку?

Спробы канвертаваць прарасейскія выказванні ў фінансавую выгаду – справа для ўладаў Беларусі не новая. Толькі ўсходні сусед апошнім часам зусім перастаў цаніць такі падыход ды патрабуе канкрэтных крокаў дзеля палітычнага і вайсковага збліжэння.

«Беларусь будзе больш асцярожна сябе паводзіць і паспрабуе не ўпісацца ў гэты канфлікт у поўным выглядзе. Звярніце ўвагу на вось гэтую заяву МЗС Беларусі. Там сказана, што, канечне, прымяненне хімічнай зброі – гэта недапушчальна, што за гэта трэба караць, але спачатку трэба разабрацца, хто, як і што. Гэта моцна разыходзіцца з расейскай пазіцыяй, якая лічыць, што ніякай хіматакі ўвогуле не было», – мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Аднак выглядае, што нават з такою заяваю Беларусь паспяшалася, бо ніхто з саюзнікаў Расеі з АДКБ больш падобных выказванняў не зрабіў. З другога боку, улады Беларусі заўжды дэманстрацыйна выступалі супраць замежнага ўзброенага ўмяшання ва ўнутраныя справы іншых краінаў.

«Беларусь вылучыла новы канцэпт сваёй знешняй палітыкі: вобраз Беларусі як міратворцы, як месца, дзе рэгулююцца міжнародныя канфлікты, як новая Жэнева ці Хельсінкі-2. І вось на гэтым тле дзеянні Беларусі ў падтрымку Расеі не разбураюць гэтага канцэпту, але вельмі моцна яго псуюць», – адзначае палітолаг Валер Карбалевіч.

Але псуецца не толькі палітычны канцэпт. Са словаў экспертаў, на цяперашні момант амаль увесь беларускі экспарт, калі не ўлічваць угнаенняў і нафтапрадуктаў, ідзе ў Расею. Адпаведна, любыя пагаршэнні ў эканоміцы ва ўсходніх суседзяў імгненна адбіваюцца і на нас. Гэтак, на мінулым тыдні ўвядзенне амерыканскіх санкцыяў ускалыхнула расейскі рубель, а за ім і беларускі.

«На Беларусь уплывае не столькі сітуацыя з расейскім валютным рынкам, колькі агульнаэканамічная сітуацыя. Іншымі словамі, рэцэсія ў Расеі, запаволенне росту ці пераход да падзення расейскай эканомікі для нас быў бы больш небяспечны, чым падзенне расейскага рубля», – адзначае старэйшы аналітык «ALPARI» Вадзім Іосуб.

Эксперты адзначаюць, што Злучаныя Штаты з вялікаю доляй імавернасці ўвядуць новыя санкцыі супраць Масквы, але пакуль немагчыма прадказаць, супраць каго канкрэтна абмежаванні будуць накіраваныя.

«Лёс беларускага рубля дастаткова моцна залежыць ад амерыканскіх санкцый, накіраваных супраць Расеі – з гэтым беларускі ўрад, Нацбанк нічога зрабіць не могуць, нам застаецца быць толькі назіральнікамі. З другога боку, перспектывы іншых амерыканскіх санкцый супраць Расеі цьмяныя, незразумелыя», – кажа фінансавы аналітык Вадзім Іосуб.

Незразумела таксама, як улады Беларусі будуць рэагаваць на далейшую эскалацыю ў адносінах паміж Расеяй і Захадам. Але ў любым выпадку, як адзначаюць эксперты, аптымістычнага ў такім развіцці падзеяў мала.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Фота вокладкі – president.gov.by