Канец лафе. Лукашэнка больш не заробіць на турэцкіх памідорах


Канец таматнай вайны: пасля двухгадовага перапынку турэцкія памідоры зноў з’явяцца на паліцах расейскіх крамаў – сёння забарона на іх экспарт часткова знятая. Першая партыя, невялікая паводле расейскіх маштабаў, складзе каля 50-ці тысяч тонаў, і яе паставяць да канца года.

Харчовы канфлікт Масквы з Анкарой распачаўся ў лістападзе 2015-га года

Турцыя збіла расейскі бамбавальнік Су-24 – тады Анкара адказала, што проста абараняла сваю паветраную прастору.

У адказ расейскі бок абмежаваў гандаль і забараніў сваім грамадзянам наведваць турэцкія курорты, а санкцыйную гародніну і садавіну, што трапляла ў Расею нелегальна, дэманстратыўна знішчалі.

Выгаду ад расейскага эмбарга тады зноў атрымаў Менск

Паводле Інстытуту статыстыкі Турцыі, Беларусь толькі ў першым квартале гэтага года закупіла турэцкіх таматаў больш як на $ 32 млн – болей, чым Румынія і Польшча разам узятыя.

«Цывілізаваных правілаў гандлю паміж Расеяй і Беларуссю ў нас не выпрацавана, няма інфармацыйнай кантрольнай сістэмы, якая адсочвала б патокі харчоў. Таму лагічна, што знаходзяцца нячыстыя на руку бізнесоўцы, структуры, у тым ліку прыдзяржаўныя», – кажа эканамічны аглядальнік Іна Гармель.

Кіраўнік «Рассельгаснагляду» Сяргей Данкверт неаднаразова выказваўся пра махлярствы афіцыйнага Менску з рээкспартам забароненых таматаў.

А паводле Белстату, за першыя чатыры месяцы гэтага года Беларусь набыла 65 тон таматаў, а на ўнутраным і замежным рынках афіцыйна прадала толькі 23. На думку ж расейскага палітолага Андрэя Суздальцава, пацяпленне расейска-турэцкіх дачыненняў кантрабанды не прыпыніць.

«Паміж Расеяй і Беларуссю мяжы няма, і калі фуру з кантрабанднымі памідорамі перахопліваць на мытні, Рассельгаснагляд – яны ж не мытнікі, яны глядзяць толькі на якасць і на тое, адкуль яна, а яму скажуць – гэта вось з той квоты 50-ці тысяч, там можа квота 50 тысяч ужо скончылася даўно», – тлумачыць палітолаг.

Куды ж ідуць грошы ад такога выгаднага продажу?

«Гэтыя фірмы заснаваныя беларускімі алігархамі, яны ўсе знаходзяцца пад прыкрыццём прэзідэнта і грошы з кантрабанды ідуць не ў бюджэт, а ў кішэню сям’і Лукашэнкі», – упэўнены Суздальцаў.

Таму ў цяперашняй сітуацыі, калі санкцыі з Анкары часткова знятыя, Масква не толькі не закрывае, але яшчэ шырэй адчыняе браму для таматнай кантрабанды, лічыць эксперт.

Настасся Храловіч, «Белсат»