Канапацкая: «Міліцыя праядае грошы падаткаплатнікаў»


Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Юрась Губарэвіч будуць за кратамі не толькі падчас галоўнай акцыі недармаедаў 15-га сакавіка ў Дзень Канстытуцыі, але і на Дзень Волі 25-га сакавіка. Гэтак сілавікі выконваюць загад кіраўніка краіны і выкарчоўваць актывістаў, як разынкі з булкі. Яшчэ з дзясятак удзельнікаў учорашняга Маршу недармаедаў у Маладзечне пакараныя вялізнымі штрафамі ды арыштамі. Пра самую масавую акцыю ў горадзе за апошняе дзесяцігоддзе і яе наступствы – Віталь Бабін.

Відэа ўласнага затрымання лідар АГП Анатоль Лябедзька зняў, калі вёў наўпроставую трансляцыю Маршу недармаедаў у Маладзечна праз «Фэйсбук». Прыблізна гэтак сама людзі ў цывільным абышліся і са старшынём руху «За свабоду» Юрасём Губарэвічам ды адным з лідараў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў Віталём Рымашэўскім.

«Анатоля збівалі. Я з ім ехаў у аўтазаку, ён казаў, што яго білі па нырках, выкруцілі яму рукі і на галаве ў яго была гематома», – кажа сябра АГП Дзяніс Красачка.

Самога Дзяніса Красачку, які прымаў удзел ува ўчорашняй акцыі, аштрафавалі на 1150 рублёў. А вось Лябедзьку, Рымашэўскаму і Губарэвічу пашанцавала меней: сёння раніцаю Маладзечанскі раённы суд пастанавіў зняволіць палітыкаў на 15 содняў. На волю яны выйдуць толькі ўвечары 25-га сакавіка. Такім чынам палітыкі не здолеюць прысутнічаць ні на акцыі 15-га сакавіка ў Менску, ініцыятарамі якой выступілі, ні ўзяць удзелу ў Дні Волі. Яшчэ адную паплечніцу палітыкаў, актывістку Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольгу Кавалькову, арыштавалі на 7 содняў.

«Прысуд у 15 содняў абсалютна неабгрунтаваны, вельмі жорсткі, такіх прысудаў не было вельмі даўно. І гэта выключная спроба ізаляваць лідараў апазіцыі», – каментуе вынесеныя судовыя рашэнні сябра рады руху «За свабоду» Вольга Быкоўская.

Не зважаючы на зламаную нагу, падтрымаць паплечнікаў сёння ўначы прыехала і дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

«На жаль, міліцыя не выконвае тыя задачы і функцыі, на якія іх ускладзеныя. То бок яны проста праядаюць грошы падаткаплатнікаў», – заявіла Ганна Канапацкая.

Актывісты спрабавалі перадаць ежу і неабходныя рэчы затрыманым, аднак міліцыя адмовілася гэта зрабіць. А вось скаргі на незаконнае затрыманне і збіццё палітыкаў маладзечанскія праваахоўнікі ўсё ж прынялі.

«Па сутнасці, на іх быў здзейснены бандыцкі напад, – заявіла намесніца старшыні АГП Антаніна Кавалёва. – Але, відаць, міліцыя гэтых бандытаў пакрывае, бо нават калі зʼявіўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў – асоба ў рангу міністра, яны не ведалі, як сябе паводзіць»

Усяго ж, паводле актывістаў, падчас учорашняга Маршу недармаедаў былі затрыманыя прыблізна 15 асобаў – у тым ліку жыхар Маладзечна Аляксандр Панамароў, які ўпершыню выйшаў на такую акцыю пратэсту. Сёння Маладзечанскі раённы суд пакараў яго 10-цю соднямі арышту.

Пратэставаць супраць дэкрэту аб дармаедах напярэдадні выйшлі каля тысячы маладзечанцаў. Акцыя мусіла зрабіцца тэстам для ўладаў і асабіста для ініцыятара закону – Аляксандра Лукашэнкі, які днямі паабяцаў адтэрмінаваць аплату падатку на год. Аднак беларусы чарговы раз паказалі, што народная нязгода сягае далёка за межы ганебнага дэкрэту.

Віталь Бабін