Камянецкі райвыканкам сканфіскаваў у мясцовых фермераў выдадзеную летась зямлю


Гэта была любоў з першага погляду. Летам 2014-га сямʼя Борсук была праездам у Вярховічах на Камянеччыне. Пабачылі ў цэнтры сяла стары занядбаны будынак і неўзабаве набылі яго разам з невялікім зямельным надзелам. А ўжо праз год мясцовыя ўлады вылучылі фермерам ажно 43 гектары зямлі! Не паспелі Борсукі засеяць яе, як у красавіку зямлю забралі назад.

«На паседжанне райвыканкаму мужа не запрасілі, толькі мяне адную. І цягам 15 хвілін было прынятае рашэнне, як яны кажуць, калегіяльна, аб канфіскацыі зямельнага ўчастка», – кажа фермерка Галіна Борсук.

Раней зямля належала прадпрыемству «Белавежскі», аднак карысталася ёй іншае сельгаспрадпрыемства – «Каленкавічы». Калі фермеры ўзялі ў свае рукі зямлю і нанялі працаўнікоў – пачаліся першыя праблемы, адзначае спадарыня Галіна. На людзей сталі псіхалагічна ціснуць.

«Прыехала тры пазадарожнікі. Прастаялі цягам гадзіны і моўчкі зʼехалі. Потым прыязджаў аграном, лажыўся пад трактар – то бок стаяў перад машынай, не даваў нам працаваць. І тады людзі кажуць – а навошта нам такая праца?», – распавядае фермерка.

Спадарыні Галіне ды ейнаму мужу Мікалаю неаднаразова намякалі, што гаспадар з гэткай сітуацыі незадаволены, а зямлю трэба вярнуць. Праўда, што за гаспадар – Борсукам гэтак ніхто не патлумачыў.

«Калі мы звярнуліся ў калхоз, нас проста прагналі. Ніхто нават не хацеў казаць пра тое, каб даць нам наўзамен іншую зямлю, прадставіць іншы, альтэрнатыўны ўчастак, каб мы маглі яго засеяць», – тлумачыць фермер Мікалай Борсук.

Аднак намеснік старшыні Камянецкага райвыканкаму Вячаслаў Кавальчук зняпраўджвае гэтую інфармацыю: маўляў, Борсукам неаднаразова прапаноўвалі альтэрнатыўную зямлю, але яны ад яе адмовіліся, а ўва ўсім, што адбылося, вінаваты канкрэтны чалавек, які перадаў фермерам чужую зямлю.

«Звёў у зман начальнік службы землеўпарадкавальнай, які зараз не працуе. «Белавежскі» не апрацоўваў, апрацоўвалі »Каленкавічы« гэтую зямлю. А Юшкевіч Мікалай Казіміравіч падрыхтаваў дакументы, што гэтая зямля не апрацоўвалася», – кажа намеснік старшыні Камянецкага райвыканкаму Вячаслаў Кавальчук.

Падчас размовы з «Белсатам» чыноўнік пацвердзіў інфармацыю, што «Каленкавічы», то бок гаспадары зямлі, належаць буйному гульцу на рынку малочных прадуктаў – «Савушкінаму прадукту», які месяц таму быў узнагароджаны Ганаровым дзяржаўным сцягам асабіста кіраўніком краіны.

Апошняя барацьба фермераў вынікаў не дала – Вярхоўны суд Беларусі забавязаў вярнуць зямлю да 1-га кастрычніка. Тым ня менш, Борсукі не здаюцца і плануюць звяртацца ў Адміністрацыю прэзідэнта. Што праўда, улічваючы напаўпразрыстыя намёкі чыноўнікаў, якія пужаюць фермераў «гаспадаром», на карысць у свой бок сямʼі наўрад ці трэба разлічваць.

Віталь Бабін, «Белсат»