Аб'ектыў 11.11.2017 «Камуністы і людзі, якія шукалі шчасця ў савецкай Расеі – яны ўсе ляжаць тут». У Менску адбылося шэсце ў Лошыцкі яр


Курапаты сталіся сімвалам сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі, але месцы расстрэлаў ёсць у кожным кутку нашае краіны – Кабыляцкая гара ля Воршы, дзявяты кіламетр каля Гомля, Хайсы каля Віцебску. У гэтыя восеньскія дні, калі ўшаноўваюць памяць продкаў, ахвяраў савецкай улады ўзгадваюць па ўсёй Беларусі.

Традыцыйнае шэсце ў Лошыцкі яр, прымеркаванае да Дня памяці продкаў, адбылося ў Менску. Удзел узялі каля паўсотні чалавек, акцыю, дазволеную Менскім гарвыканкамам, зарганізавала Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ.

«У лошыцкім яры забіты нашы людзі, беларусы, былі расстраляныя НКВД у трыццатыя гады», – кажа намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.

«Людзі заслужылі, каб іх не забылі, каб памяталі. Я лічу што гэта важна і для ўсіх», – мяркуе сябра КХП БНФ Вольга Кацянкова.

Калону суправаджалі каля дзясятка міліцыянтаў у цывільнай вопратцы, яны здымалі прысутных на відэа. Ля Лошыцкага парку стаяла некалькі міліцэйскіх цяжкавікоў і аўтаў дарожна-патрульнае службы.

У 1930-ыя гады ў Лошыцкай сядзібе побач з ярам размяшчалася спецыяльная каманда НКВД, куды дастаўлялі арыштаваных, у тым ліку перабежчыкаў з Заходняе Беларусі.

«Усе гэтыя камуністы, КПЗБ, людзі што шукалі шчасця ў савецкай Расеі – яны ўсе тут і ляжаць», – распавядае адказны сакратар управы КХП БНФ Алесь Чахольскі.

У васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя яр часткова засыпалі жвірам, а на яго месцы пабудавалі гаражы. У дзевяностыя высілкамі грамадскасці ў Лошыцкім яры ўсталявалі крыж пакутнікам. Паводле ацэнак Зянона Пазняка, Лошыца месціць парэшткі ад 7000 да 10 000 рэпрэсаваных. Дакладная лічба ахвяраў дасюль не вядомая.

ІД, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары