Каму дапамог «Белсат»? Адказваюць жыхары беларускіх гарадоў і вёсак


Беларусы дзякуюць «Белсату» за асвятленне іхных праблемаў.

Каму патрэбны «Белсат»? Пытанне, якое апошнім часам гучыць усё часцей – і не толькі ў сувязі з няпэўнай будучыняй нашага тэлеканалу. Але і з усё большай пагрозай будучыні незалежнай Беларусі, упэўнены рэдактар газеты «Вольнае Глыбокае» Яўген Скрабутан. І падкрэслівае: супрацьстаяць навале «рускага міру» папросту больш няма каму.

Чытайце таксама >>> У інтэрнэце з’явілася петыцыя на падтрыманне «Белсату»

«Белсат» робіць тое, што павінна рабіць беларуская дзяржава, а яна не робіць гэтага. Таму гэтую нішу заняў «Белсат», і гэтая ніша для нас, беларусаў, вельмі актуальная. Таму што шмат якія тэмы не раскрываюцца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі альбо беларускімі дзяржаўнымі тэлеканаламі», – упэўнены Уладзімір Скрабутан.

Між тым, заплюшчыць вочы на існаванне «Белсату» гэтак, як на праблемы суграмадзянаў, улады Беларусі ўсё-ткі не здольныя. Старшыня БТ Генадзь Давыдзька заявіў, што не ягоны, а менавіта наш тэлеканал служыць прапагандзе і зусім малаэфектыўны.

Зрэшты, калі «Белсат» не эфектыўны і не папулярны, то адкуль да яго столькі ўвагі з боку ўладаў? Адказы на гэтае пытанне – у гісторыях гледачоў, якія працягваюць дасылаць словы падзякі за нашую працу і дапамогу ім. Вось, да прыкладу, Менск, геаграфію якога можна літаральна вывучаць праз уратаваныя ад незаконнае забудовы скверы, цвердзіць сталічны актывіст Віктар Янчурэвіч:

«Усе грамадскія абʼяднанні ў Беларусі ведаюць, што калі ёсць пэўная праблема і трэба зрабіць відэасюжэт, то трэба звяртацца не ў дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, таму што гэта бессэнсоўна, а звяртаемся заўсёды да «Белсату»! Мы вельмі ўдзячныя за асвятленне праблемаў, таму што зʼяўленне відэаролікаў «Белсату» вельмі падымае дух і настрой гараджанаў ды ініцыятыўных групаў і натхняе іх на больш актыўную дзейнасць».

Калі ж у сталіцы яшчэ хапае іншых месцаў, куды можна звярнуцца, то ў рэгіёнах найчасцей ці не адзінай надзеяй для мясцовых жыхароў застаюцца менавіта незалежныя медыі. Гэтак, глыбоцкія камунальнікі сёлета хацелі закрыць адзіную лазню ў вёсцы Мярэцкія – нібыта з-за нерэнтабельнасці. Аднак пасля зʼяўлення сюжэту на «Белсаце» адступілі. Лазня працуе дагэтуль.

«Я заўжды гляджу «Белсат!. Я ўвогуле раней не ведаў, што такі тэлеканал ёсць. Калі кранулася нашае лазні, тады я прыйшоў да суседзяў ды паглядзеў, што гэта за тэлеканал – і цяпер я пастаянна гляджу. І думаю, што гэтай праграме трэба жыць ды існаваць! Ну і зычу далейшага росквіту ў гэтай працы!» – кажа жыхар вёскі Мярэцкія Часлаў Вайтэцкі.

Іншы жыхар вёскі, Барыс Жук, заўважае:

«Мне хочацца верыць у тое, што «Белсат» застанецца, і будзем мы глядзець гэты тэлеканал, будзем цешыцца і гараваць разам з «Белсатам», таму што гэта народная праграма, нельга яе зачыняць Гэта адзінае, што засталося ў народу!»

З адмысловай заявай для падтрымання «Белсату» выступілі сёння нашыя калегі – зноўку ж не з БТ – а з «Беларускай асацыяцыі журналістаў». А ў інтэрнэце працягваецца збор подпісаў за захаванне нашага тэлеканалу. Да салідарнасці з «Белсатам» заклікаюць і нашыя гледачы. Як, напрыклад, Вольга Жыгар з Горадні, ініцыятарка абʼяднання маці, чыіх дзяцей незаконна асудзілі за распаўсюд і ўжыванне наркотыкаў, – на гэтую праблему першы звярнуў увагу наш тэлеканал.

«Дарагія людзі, неабыякавыя да тэлебачання «Белсат»! Калі ласка, падпісвайце петыцыю1 І гэтым мы сапраўды падтрымаем тэлеканал. І няхай жыве «Белсат»!» – кажа каардынатарка праекту «Рух маці 328» Вольга Жыгар.

Усе гэтыя словы дарагога вартыя, спадар Давыдзька. Паверце, варта працаваць, каб пачуць іх.

Яшчэ адзін прыклад, як «Белсат» дапамог вырашыць праблему, з якой сутыкнуліся жыхары Навабеліцкага раёну Гомля, – у нашым відэа ніжэй:

Валер Руселік, belsat.eu