Аб'ектыў 02.04.2017 «Калі б 25-га ён быў на волі, то быў бы на плошчы». Затрыманыя выходзяць пасля содняў


Імаверныя лідары пратэстаў, якіх прэвентыўна затрымлівалі перад Днём Волі, адбыўшы прысуджаныя ім содні ў зняволенні, працягваюць выходзіць на свабоду.

Пасля дзесяці содняў арышту з Жодзінскага ізалятару часовага ўтрымання выйшаў старшыня рады рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. Лідара прадпрымальнікаў затрымалі 23-га сакавіка.

«Я завёў дачку ў садок, наляцелі некалькі чалавек, нацягнулі на галаву шапку, – узгадвае ў размове з «Белсатам» Шумчанка. – Хутка, імкліва, як у кіно можна сказаць».

Суд Маскоўскага раёну пакараў Анатоля Шумчанку дзесяццю соднямі арышту, традыцыйна абвінаваціўшы ў нецэнзурнай лаянцы.

У той жа дзень, 23-га сакавіка, затрымалі і Алеся Лагвінца, які сёння выйшаў пасля содняў з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Палітыка пры затрыманні моцна збілі, з залы суда яго шпіталізавалі з дыягназам чэрапна-мазгавая траўма і пералом носа. Пазней яму прызначылі 10 сутак арышту, залічыўшы дні, праведзеныя ў больніцы. Сведкі ў судзе, то бок амапаўцы, сцвярджалі, што Лагвінец сам нанёс сабе траўмы, калі біўся галавой аб сядзенне аўтамабіля, а затым аб сам аўтамабіль.

«На самой справе мяне спачатку паклалі на падлогу мікрааўтобуса, адзін сядзеў на мне і ён пачаў мяне біць пасля таго як я сказаў: хай вашы дзеці будуць такія здаровыя, калі вы паводзіце сябе законна і правільна», – кажа Лагвінец.

Затрымлівалі перад Днём Волі і іншых актывістаў. Самі затрыманыя і іх блізкія звязваюць прэвентыўныя арышты з ліквідацыяй актыўных людзей, якія маглі б зрабіцца лідарамі пратэстаў.

«Ува ўладаў ёсць спісы людзей, якіх у пэўны момант могуць затрымаць», – упэўнены Шумчанка.

Жонка Анатоля кажа, што ўлады баяцца найбольш таго, што за Шумчанкам стаяць людзі.

«Улады баяліся, што ён пакліча іх за сабой. Калі б 25-га ён быў на волі, то быў бы на плошчы», – кажа Вольга Круміна.

У наступныя дні працягнуцца вызваленні затрыманых перад і падчас Дня Волі. Але судовы канвеер працягвае працаваць – імаверна, ужо ў панядзелак пачнуцца суды над пінчукамі, якія 26-га сакавіка выйшлі на цэнтральную плошчу гораду.

Ірына Дарафейчук

Глядзі таксама
Каментары