Мястэчка Лынтупы мае свой герб і сцяг, а статус гарадскога пасёлку набыло паўстагоддзя таму, у 67-ым. Але неўзабаве паселішча можа ператварыцца ў аграгарадок або звычайную вёску. Афіцыйна – каб палепшыць узровень жыцця: маўляў, настаўнікі ў школах атрымаюць вышэйшыя заробкі, а школьнікі – магчымасць харчавацца за бюджэтныя сродкі.
«Тое, што ўлады абяцаюць – ім ужо ніхто не верыць. Таму што калі зробяць вёску – могуць зачыніць чыгуначную станцыю. Могуць зачыніць яшчэ і шпіталь. Тым больш, і працы няма – калгас ужо збанкрутаваў, спіртзавод – пасля аварыі зачынены», – абураецца мясцовы жыхар, краязнавец Алесь Гарбуль.
Да суседняй Літвы – менш за пяць кіламетраў. Што праўда, пагадненне аб малым памежным руху не падпісанае. Дый у эканамічным плане мястэчка занядбанае. Пра гэта кажа і колькасць насельніцтва, якая няўмольна падае. Сёння гарадскі пасёлак налічвае ўжо менш за паўтары тысячы жыхароў. А калісьці тут кіпела жыццё…
«Мы хочам цывілізацыі, мы хочам, каб у нас наадварот штосьці адчынялі, штосьці стваралі, каб былі працоўныя месцы. А вёска нічога нам добрага не дасць. Таму я думаю, што большасць будзе супраць», – даводзіць сваю праўду мясцовая жыхарка.
Знішчаны калгас; невялікая школа, аб’яднаная з дзіцячым садком; крама; аптэка; міліцыя… Месцяцца тут таксама метэастанцыя ды невялікае лясніцтва.
Быў калісьці і спіртавы завод, пабудаваны заможнымі панамі яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя. Праз леташні выбух, у выніку якога загінуў чалавек і пашкодзілася абсталяванне, фабрыка не працуе. Зараз жа знайсці інвестара, які б уклаў свае грошы і нанова запусціў прадпрыемства, – хутчэй ідэя-фікс.
А таму большасць жыхароў Лынтупаў скептычна ставіцца да магчымых зменаў.
«Да ну, што яны – з глузду пазʼязджалі?! Мы і так забыты край – калгасу няма, спіртзаводу няма, нічога няма – увогуле, прэстыжнай працы ніякай няма! Настаўнікі, вядома хочуць [каб тут была вёска], а іншым будзе дупа поўная!».
«Нават не ведаю, што і сказаць – горш будзе ці лепш. Падаецца, аднолькава для Лынтупаў – тут і так нічога не працуе».
«Тут шмат розных пытанняў. Хто выгуляе – хто прагуляе, трэба паглядзець, калі больш плюсаў – мы згодныя, а калі мінусаў будзе больш – то не вельмі»,
– дзеляцца сваёй праўдай тутэйшыя.
«Я прасіў старшыню савету, каб ён зрабіў афіцыйны запыт па інстанцыях – па чыгунцы і іншых пытаннях, якія хвалююць людзей, каб даць абгрунтаваныя адказы. Каб людзі разумелі ўсю рэальную сітуацыю», – даводзіць Юрый Кісялёў, намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкаму ў сацыяльных пытаннях.
Пасля атрымання станоўчых адказаў чыноўнікі абяцаюць правесці сустрэчу з жыхарамі, на якой вызначаць лёс статусу паселішча. Вось толькі даверу да гэтых чыноўнікаў пераважная частка жыхароў пасёлку не мае.
«У мяне з пенсіі 150 рублёў вылічылі – за тое, што я пайшла да кіраўніка [сельсавету], каб папрасіць дапамогі!», – падсумавала сутнасць дыялогу паміж чыноўнікамі і народам лынтупская пенсіянерка.
Сцяпан Святлоў, «Белсат»