Каго і навошта вярбуюць беларускія сілавікі?


Разбурыць ці падпарадкаваць арганізацыю, здабыць неабходную інфармацыю ды запалохаць нязгодных. Каго і навошта вярбуюць беларускія сілавікі ды як не стацца ахвяраю кручка спецслужбаў?

Добра вядомы ўсім менчукам будынак у самым сэрцы сталіцы – Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Пра дзейнасць жа гэтай установы вядома куды менш. Афіцыйна – КДБ бароніць незалежнасць ды цэласнасць нашай краіны, закранаючы ледзь не ўсе сферы жыцця – ад палітычнай і навукова-тэхнічнай да дэмаграфічнай і нават экалагічнай. Неафіцыйна ж – спрычыняецца і да ідэалагічна-падрыўной, кажуць тыя, хто меў дачыненне з гэтаю ўстановай.

Расказвае Алесь Карніенка, экс-лідар шэрагу моладзевых арганізацыяў:

«У іх існуюць планы. Памятаю, гадоў 10 таму ў АБЭПу быў план – вербаванне трох новых агентаў на год і 12 гэтак званых давераных асобаў».

Разбурыць непажаданую арганізацыю знутры, здабыць неабходную інфармацыю ды запалохаць, каб выйсці сухім з вады. Мэты і метады працы беларускіх спецслужбаў засталіся на ўзроўні рэкамендацыяў 30-ых гадоў мінулага стагоддзя, кажа праваабаронца Алег Волчак. Больш як 5 гадоў таму «Правая дапамога насельніцтву» стварыла памятку для тых, каго спрабуюць завербаваць сілавікі. Праваабаронцы раілі не хадзіць на сустрэчы без афіцыйнага запрашэння, а калі спатканне ўсё ж адбылося – дзеяць рацыянальна ды памятаць: шантажаваць працаўнікі не маюць права.

«Правая дапамога насельніцтву». З памяткі таму, каго вярбуюць:

«Калі вам прыставілі пісталет да галавы, зрабіце, што ад вас патрабуюць (апроч даносу на сваіх таварышаў), але, як толькі прыбралі, рабіце тое, што лічыце патрэбным».

Алег Волчак, «Правая дапамога насельніцтву»:

«Шмат хто праз прававую непісьменнасць лічыць, што калі звярнуцца да праваабаронцаў ці ў медыі, то іх будуць пераследаваць адміністратыўнаю ці крымінальнаю адказнасцю. Але насамрэч ніякай адказнасці няма, калі грамадзянін пагадзіўся супрацоўнічаць пад прымусам».

А калі пагадзіўся і не распавёў пра гэта, то мусіць памятаць – заведзеныя тэчкі з кампраматам для шантажу застануцца на доўгія гады. І магчыма, што не толькі ў архівах вядомага будынку.

Алег Волчак, «Правая дапамога насельніцтву»:

«Нават хто завербаваны цяпер, я лічу, трэба адкрыта пра гэта заявіць. Інакш праз 5–7 гадоў будуць незваротныя наступствы ў псіхіцы – разлады, якія могуць прывесці да суіцыду. Бо людзі не ведаюць, як з гэтым справіцца».

Што праўда, некаторыя менчукі ўжо загартаваныя. Прынамсі на вуліцах:

«Стукацтва – не, я гэтага не прымаю, я гэтага не разумею».

«Ну а чаму я павінен сябра там ці кагосьці закладаць, як кажуць?»

«Палітыка – брудная справа, а спецслужбы звязаныя з палітыкаю».

«У кожнага ёсць нейкія сакрэты ад КДБ, хе-хе».

Адмыслоўцы адзначаюць яшчэ адзін трэнд у працы спецслужбаў – не ліквідацыя, а гібрыдызацыя праціўніка, то бок невідавочнае перацягванне на свой бок. У тым ліку – дзеля стварэння пазітыўнага іміджу Беларусі за мяжою.

«Апошнія арышты і гэтак званая «справа БелТА» мае на мэце ў тым ліку паспрабаваць схіліць да супрацы чарговых журналістаў» – распавядае Алесь Карніенка, экс-лідар шэрагу моладзевых арганізацыяў.

Але ёсць ува ўсёй гэтай справе і аптымізм, адзначае Алесь Карніенка. Перадусім для тых, хто наракаў на адсутнасць у Беларусі незалежнай журналістыкі. Апошнія падзеі наглядна паказваюць: тых, хто не гатовы лёгка здавацца ды пачынаць гібрыдныя скокі пад дудку дзейных уладаў, усё яшчэ шмат.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Фота: people.onliner.by